У Берасці пачынаюць судзіць палітзняволеную Вольгу Класкоўскую – яна нібыта абразіла міліцыянта


Вольгу ўжо засудзілі на 2 гады калоніі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, цяпер яе судзяць за каментар, які нібыта абразіў працаўніка міліцыі. Працэс праходзіць у судзе Маскоўскага раёну Берасця.

Андрэй Хвясюк.
Фота: МУС

У судзе Маскоўскага раёну Берасця Вольгу судзяць за абразу супрацоўніка Ленінскага РАУС Андрэя Хвесюка. Гэты міліцыянт пачуваецца абражаным ужо не першы раз. 2 гады «хатняй хіміі» паводле 369 арт. Крымінальнага кодэксу за абразу Хвесюка атрымаў Уладзіслаў Яршоў, а Аляксандру Кашпатаву далі 2,5 года «хіміі». І Хвясюк зноў абразіўся – пры гэтым шторазу ён патрабуе 1000 рублёў як кампенсацыю маральнай шкоды, і кожны раз суд задавальняе гэты пазоў. Здаецца, супрацоўнік міліцыі знайшоў добрую дадатковую крыніцу даходаў.

Артыкулы
Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую перавялі з калоніі ў берасцейскі СІЗА, каб зноў судзіць
2021.12.01 15:50

За кратамі Вольга застаецца больш за год – з кастрычніка 2020 года. Яна была затрыманая ў Менску, і яе абвінавацілі паводле 342 арт. Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і прывялі да парушэння працы транспарту»). У судзе Ленінскага раёну для Вольгі запыталі 2 гады калоніі, і 22 снежня суд вынес менавіта такі прысуд.

У канцы лістапада 2021 года Вольгу этапавалі з гомельскай жаночай калоніі ў берасцейскі СІЗА № 7 – дзеля следчых дзеянняў у новай крымінальнай справе паводле арт. 369 КК за каментар у сацыяльных сетках, якім Вольга нібыта абразіла міліцыянта з Берасця. Гэты каментар быў змешчаны яшчэ да ейнага арышту. У лісце ад 1 снежня Вольга напісала, што ў СІЗА яе паставілі адразу на два прафілактычныя ўлікі: як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». Таксама ў сярэдзіне снежня 2021 года стала вядома, што Вольгу накіроўваюць на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. У канцы снежня Вольгу вярнулі ў СІЗА № 7.

Артыкулы
Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую зноў змяшчалі ў ШІЗА
2021.10.17 19:58

Вользіна маці Людміла, кажа, што ў ейнай дачкі ў турме пагоршылася здароўе:

«Пасля затрымання з Ленінскага РУУС яе накіравалі ў лякарню, дзе медыкі дыягнаставалі страсенне мозгу. Але нягледзячы на просьбы дактароў яе не абследавалі і пратрымалі там нядоўга. Цяпер, вядома, лячэннем наступстваў траўмы ніхто не займаецца. Да таго ж, на гэтай глебе ў яе пачаў вельмі скакаць ціск, абвастрылася страўнікава-каменная хвароба, моцна ацяклі ногі. Мне ўдалося перадаць ёй таблеткі – абязбольвальныя і ад ціску, яны хаця б крыху ёй дапамагаюць. Але разам з тым яна трымаецца і піша, што ўсё будзе добра».

Аб праблемах са здароўем у Вольгі кажа і Андрэй Шарэнда.

«Вольга вядомая сваёй стойкай і нязломнай пазіцыяй супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэта рэжым кінуў яе за краты за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, і яна, як і мая жонка Паліна, апынулася ў жаночай калоніі ў Гомлі. Там Вольга цяпер з Наталляй Хершэ адмовілася шыць форму міліцыянтам і падпісваць ліст аб памілаванні. Ёй за гэта жорстка помсцілі і кідалі ў карцар, і на тры месяцы ў камеру, пасля чаго стан ейнага здароўя моцна пагоршыўся, але яна не здаецца», – кажа ў размове з «Белсатам» Вользін знаёмы Андрэй Шарэнда.

Артыкулы
Андрэй Шарэнда: У жаночай калоніі Гомля катуюць людзей
2021.09.30 13:54

МГ belsat.eu

Стужка навінаў