У Беларусі забаронена быць Памідоравым. Спеваку «скінуліся» на жыццё ў Польшчы


Вядомы беларускі музыка і радыёвядоўца Аляксандр Памідораў быў вымушаны з’ехаць у Польшчу, бо пасля арышту за дваравы канцэрт ён застаўся без працы. За мяжой таксама няпроста, але за два дні яму сабралі грошы, каб пратрымацца першы час у эміграцыі. «Белсат» спытаў, як справы ў «бацькі беларускага рэпу».

Аляксандр Памідораў перад канцэртам у Польшчы. 6 студзеня 2021 года.
Фота: Іна Сінкевіч

Аляксандр Крывашэеў, больш вядомы пад псеўданімам Аляксандр Памідораў, на сцэне 33 гады: першы свой гурт «Пьяные гости» сабраў яшчэ ў 1988 годзе. Браў удзел у музычных праектах «Народны альбом», «Святы вечар» і «Я нарадзіўся тут», запісаў з гуртом «Pomidor/OFF» два альбомы і некалькі сольнікаў, агучыў папулярны кліп «Будзьма беларусамі». Уладальнік «Рок-кароны» 2011 года. Вядоўца канцэртаў і фэстаў.

Як дыджэй і радыёвядоўца працаваў на «Беларускай маладзёжнай», «101.2», «Альфа радыё», радыё «Бі-Эй», радыё «Рацыя» і радыё «Свабода», апошняе на сёння – радыё «Рокс-М», адкуль яго звольнілі ў лістападзе 2020 года.

За дваровы канцэрт – Акрэсціна і забарона на прафесію

Восенню 2020 года яго затрымалі за спробу правесці дваровы канцэрт, кінулі пад арышт разам з паплечнікам – лідарам «Gods Tower» Лэслі Найфам (якога пазней асудзяць на «хімію» за «абразу чыноўніка» і які ўрэшце ўцячэ з Беларусі).

Артыкулы
Уцякаў ад «хіміі», як ва «Уладары пярсцёнкаў», і прыйшоў да дуэту з Павуком. Гісторыя Лэслі Найфа
2021.10.09 09:00

У снежні 2021 года Памідораў расказаў, што яму давялося працаваць грузчыкам на Камароўскім рынку ў Менску. І нават грузчыкам бралі не паўсюль, бо «гэта ж гэты, вядомы», «навошта нам праблемы», а яшчэ і бел-чырвона-белая татуіроўка на руцэ…

«Цяпер шмат хто ў такіх умовах існуе: нават людзі, якія заставаліся працаваць, аказаліся выціснутыя з краіны, – расказвае ён. – На радыё мне сказалі, што для мяне працы няма, бо мой голас вельмі пазнавальны, усе ведаюць, хто я».

Тое, што ён быў голасам папулярнай радыёстанцыі, не дапамагло знайсці новую працу. Да таго ж бізнес на радыё ляснуўся, новых аздабленняў эфіру няма, на радыё скасоўваюць трансляцыі беларускіх выканаўцаў. Паводле адукацыі Памідораў рэжысёр драматычнага тэатру, але і такой працы не знайсці. І канцэртамі не зарабіць. І на завод не пойдзеш, бо прадпрыемствы пастаянна скарачаюць супрацоўнікаў, якія «хаця б на нейкі адсотачак праяўлялі нейкую сацыяльную актыўнасць, нават у сеціве».

Памідораў кажа, што на ўласныя вочы бачыў: адносна яго справа не толькі ў спісах на звальненне і «званках зверху», бо часам беларусы самі «ўключаюць унутранага цэнзара, уласнага дыктатара, абы ціха было». Ён намагаецца ставіцца да гэтага з гумарам, але заклікае змагацца з тым, як беларусаў выхавалі не прымаць адказнасць за ўласныя дзеянні і не бараніць сваё. Апошнія два гады, лічыць ён, паказалі, што змагацца з гэтым можна.

«Службы працаўладкавання» ў беларускай дыяспары няма

Сваё 50-годдзе Памідораў адзначыў у статусе беспрацоўнага эмігранта, віншаваць дачку з днём народзінаў таксама давялося праз тэлефон.

«Да апошняга я, як і шмат хто, спрабаваў заставацца, і шмат людзей застаецца, і вырашае ўвесь час гэтае пытанне: заставацца ці з’язджаць, – распавядае Памідораў. – Кола сціскаецца ўсё мацней і мацней: з аднаго боку – рэпрэсіі, з другога боку – ковідная сітуацыя. А рашэнне даволі цяжкае, бо бацькі, дзеці…»

12 студзеня 2022 года Беларуская рада культуры абвясціла збор грошай, каб дапамагчы Памідораву распачаць новае жыццё – ён з’ехаў у Польшчу. Патрэбныя € 2000 сабралі за два дні, збор працягваецца. Але гэтых грошай не хопіць надоўга – трэба зноў шукаць працу. Яшчэ і «пашанцавала» пераехаць на святы, калі шукаць працу праблематычна.

Аляксандр Памідораў перад канцэртам у Польшчы. 6 студзеня 2021 года.
Фота: Іна Сінкевіч

Ці тыя дзве тысячы гэта шмат, ці мала, Памідораў не бярэцца разважаць. Ён тлумачыць «Белсату» так: «Гэта толькі воля людская, і вялікі дзякуй», ды й ініцыятыва збору была не ягонай. Траціну сабраных грошай ён паабяцаў аддаць у Беларускую раду культуры для іншых музыкаў і іхных сем’яў. Дадае, што адчувае цяпер адказнасць перад слухачамі.

«Зараз святы скончацца – будзе ўжо прасцей, – расказвае Памідораў. – Ёсць прапановы, ёсць варыянты. Безумоўна, проста пошук працы, як шукаюць шмат людзей, якія былі вымушаныя з’ехаць. Рукі-ногі, цьфу-цьфу-цьфу, здароўе ёсць. Акрамя таго, ужо быў канцэрт, і дзякуй людзям, быў нейкі donation, ёсць на чым трымаць штаны».

Спадзявацца на тое, што за мяжой праца прыйдзе сама «толькі за тое, што ты беларус», не варта: ёсць «свой рынак», «свае людзі». Памідораў кажа, за мяжой трэба працаваць «удвая мацней, удвая чарней». З тым жа радыё даўно не працуюць так, як у Беларусі – і ва Украіне, і ў Расеі зусім іншы падыход да працы і падачы інфармацыі. Сем гадоў спрабаваў шукаць працу на радыё ва Украіне – на агульных умовах, праз кастынгі, дайшоў нават да фіналу кастынгу, але ў выніку не прайшоў.

Артыкулы
«Пытаюць, хто ты, адкуль, кім быў…» Як жывецца беларускаму музыку-эмігранту. Расказвае Алесь Таболіч
2021.12.23 10:35

Некаторыя дыяспары, як в’етнамская ці каўказскія, хутка дапамагаюць новым мігрантам-суайчыннікам знайсці прынамсі часовую працу. У беларускай дыяспары такой «арганізаванай сістэмы працаўладкавання» няма. Але ёсць падтрымка, шмат людзей дапамагаюць чым могуць.

Перад ад’ездам запісаў «Развітанне з Радзімай»

Восенню 2021 года гурт «Pomidor/OFF» прысвяціў дзве песні Ночы расстраляных паэтаў: кавэр на песню «Legenda Ludowa» польскага гурта «Kazik na Żywo» (прысвечаную ў арыгінале ўвядзенню вайсковага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе) і «Развітанне з Радзімай» (паланэз Агінскага з хардкорам уласнага сачынення пра рэпрэсаваных і расстраляных).

Праблема эміграцыі, распавядае Памідораў, стаіць перад ім больш за 20 гадоў, і яго часта пыталі, чаму яшчэ не з’ехаў. Ды калі запісваў гэтыя песні, ён яшчэ не збіраў чамаданаў. Песню «Legenda Ludowa», кажа ён, «даўно мусіў перакласці, толькі рукі дайшлі». А «Развітанне з Радзімай»…

«Калі людзі пачалі з’язджаць, хавацца ад гэтай улады, ад крымінальных артыкулаў, ратаваць сваё жыццё, калі што ні чалавек, то з’ехаў… Гэта мой, наш адказ на тое, што адбываецца», – растлумачыў спявак.

Hавiны
20+ беларускіх песень 2021 года. З кліпамі і плэйлістам
2022.01.09 11:29

І не страшна было такое пісаць у Беларусі-2021?

Памідораў не разумее гэтага пытання: «Песня з’яўляецца як з’яўляецца». Нейкага канвееру ў яго, кажа, няма: як «прарасло», проста сеў і напісаў.

У канцы 2020 года гурт «Pomidor/OFF» выдаў песню «Я выхажу». Гэтыя два словы – апошняе, што напісаў у дваровы чат жыхар менскай плошчы Пераменаў перад тым, як выйшаў у двор, дзе яго да смерці збілі сілавікі. У ноч пасля гібелі Бандарэнкі спявак літаральна на каленцы напісаў тэкст, спеў пад акустычную гітару на камеру. У дзень пахавання, 20 лістапада, выйшаў ужо кліп з электрычнай версіяй песні.

Памідораў кажа, што разумее: ягоныя песні часам «проста немагчыма» слухаць, яны і яго самога заганяюць у дэпрэсію.

«Нічога не страшна, і граць не страшна. Проста гэта моцна б’е па псіхіцы. Часам па маёй жа псіхіцы, як аўтара», – прызнаецца ён.

Страху таго, што за песні маглі арыштаваць, у Памідорава няма, бо «з аднога боку, пофіг», з другога – ведае, хто ён і што робіць, з трэцяга – «ну, прыйдуць, ну, закрыюць», і арышт у 2020 годзе быў для яго не першым.

Ды вяртацца за краты не хочацца праз людзей навокал. Спявак пералічвае: ёсць маці, дачка, ёсць родныя і любімыя людзі, якія будуць праз гэта цярпець. Нельга, тлумачыць ён, проста так даваць шанец тым, хто хоча сапсаваць жыццё любімым людзям.

Артыкулы
Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі
2021.08.22 12:56

АА belsat.eu

Стужка навінаў