Што трэба ведаць пра вучэнні «Саюзная рашучасць» і звязаныя з імі пагрозы


Расея перакідвае ў Беларусь войскі для ўдзелу ў пазапланавых вучэннях «Саюзная рашучасць – 2022», якія маюць адбыцца ў лютым. Гэта адбываецца ва ўмовах абвастрэння стасункаў Расеі з Захадам і Украінай і пагрозаў вялікай вайны. Belsat.eu распавядае, што цяпер вядома пра расейска-беларускія вучэнні, якія сілы ў іх бяруць удзел і да чаго ўсё гэта можа прывесці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Пра якія вучэнні гаворка?

Пазапланавыя расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022» маюць адбыцца на паўднёвых і заходніх межах Беларусі 10–20 лютага. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта павінны быць «вучэнні для адпрацоўвання пэўнай задумы ў супрацьстаянні» з сіламі краінаў Балтыі, Польшчы ды Украіны. Беларускі бок апраўдвае неабходнасць гэтых вучэнняў «мілітарызацыяй» суседніх краінаў.

Вучэнні «Саюзная рашучасць» – частка маштабнага правярання сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. Першы этап праверкі мусіць завяршыцца да 9 лютага, ён улучае перадыслакацыю і стварэнне груповак войскаў, ахову паветранай прасторы ды ацэнку гатовасці войскаў СПА. Другі этап складаецца з уласна вучэнняў «Саюзная рашучасць». Намеснік міністра абароны РФ, генерал-палкоўнік Аляксандр Фамін заявіў, што плануецца рыхтаванне войскаў да дзеянняў «не толькі ў сваіх межах адказнасці, але і да развязання задачаў для лакалізацыі крызісных сітуацыяў на любых пагражальных напрамках».

Звяртае на сябе ўвагу незвычайная дэталь: зʼяўленне расейскіх вайскоўцаў не анансавалася загадзя, яны з’явіліся ў Беларусі да таго, як прызначылі дату вучэнняў. На нарадзе з кіраўніцтвам арміі 17 студзеня Лукашэнка толькі зацвердзіў задуму вучэнняў, было заяўлена, што дакладную дату манеўраў яшчэ вызначаюць. А ў сеціве тым часам ужо распаўсюджваліся фота і відэа з расейскаю тэхнікай у Беларусі.

Аналітыка
«Лукашэнка прывык гуляць з агнём». Што стаіць за планамі правесці расейска-беларускія вучэнні на мяжы з Украінай і ЕЗ
2022.01.17 18:18

Чаму гэта адбываецца менавіта цяпер?

Пазапланавыя вучэнні «Саюзная рашучасць» варта разглядаць у кантэксце абвастрэння супрацьстаяння Расеі з Захадам і Украінай.

З лістапада 2021 года Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы з Украінаю: паводле некаторых ацэнак, цяпер там засяроджана ўжо больш за 106 тысяч жаўнераў. Заходнія і ўкраінская выведкі лічаць, што Крэмль плануе маштабнае ўварванне, прычым для гэтых мэтаў можа выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі. Паведамлялі, што Расея рыхтуецца атакаваць да канца студзеня – у пачатку лютага 2022 года. То бок Лукашэнка абвесціў пазапланавыя беларуска-расейскія вучэнні на заходніх і паўднёвых межах якраз на той час, калі, паводле заходніх спецслужбаў, Масква можа распачаць новае ўварванне ва Украіну.

Крэмль разглядае канцэнтрацыю войскаў на мяжы найперш як рычаг ціску на Захад. Расея, у прыватнасці, патрабуе, каб у NATO далі гарантыі не пашырацца на Усход (у тым ліку за кошт далучэння да Альянсу Украіны) і адвялі ўсю вайсковую інфраструктуру ў Еўропе на пазіцыі 1997 года (то бок у тым ліку сышлі з Польшчы ды краінаў Балтыі). Але ЗША і NATO лічаць ультыматум Пуціна непрымальным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: VITALY NEVAR / Reuters / Forum

Перамовы Захаду і Расеі зайшлі ў тупік. На фоне гэтага рыторыка Масквы стала яшчэ больш агрэсіўнаю: прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што стасункі Масквы і NATO падышлі да «чырвонай рысы», і падкрэсліў, што расейскі бок «не можа больш трываць». Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг у сваю чаргу канстатаваў наяўнасць сурʼёзных рознагалоссяў з Расеяй і прызнаў рызыку ўзнікнення новага ўзброенага канфлікту ў Еўропе.

Як з’яўленне «беларускага фронту» можа паўплываць на сітуацыю?

У Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША лічаць, што супольныя вучэнні Беларусі і Расеі могуць быць выкарыстаныя для нападу на Украіну з поўначы.

Прадстаўнік галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што перакіданне расейскіх войскаў у Беларусь сведчыць пра павышэнне ўзроўню ваеннай пагрозы з беларускага кірунку.

«У чым пагроза? У тым, што на тэрыторыі Беларусі разгортваецца паўнавартасная групоўка войскаў, якая будзе мець паветраны і сухаземны кампанент. Мы не выключаем, што будзе ўзмоцненая і супрацьпаветраная абарона. Акрамя таго, мы ўжо ведаем, што праведзеныя рэкагнасцыроўкі, будзе разгортвацца вялікая групоўка паветрана-дэсантных войскаў і сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі з удзелам падраздзяленняў Узброеных сілаў Расеі», – паведаміў Вадзім Скібіцкі ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время».

Дырэктар польскай кансалтынгавай кампаніі «Rochan» Конрад Музыка адзначае, што размяшчэнне расейскіх войскаў у Беларусі пацягне за сабою разгрупаванне ўкраінскіх войскаў і аслабленне абароны на іншых напрамках, паведамляе golosameriki.com. Вайсковы аналітык і супрацоўнік Інстытуту даследаванняў вонкавай палітыкі ЗША Роб Лі лічыць, што расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі могуць абстрэльваць цэлі паблізу Кіева з дапамогаю ракетных сістэмаў залпавага агню, а таксама разгарнуць радыёэлектронную барацьбу, што пацягне за сабою парушэнне сувязі ва ўкраінскім войску.

Hавiны
У Кіеве заявілі, што за кібератакай на Украіну стаялі хакеры, звязаныя са спецслужбамі Беларусі
2022.01.15 22:29

Вайсковы эксперт Ягор Лябядок ў інтэрв’ю Zerkalo.io падкрэсліў: у выпадку, калі Беларусь дазволіць выкарыстаць сваю тэрыторыю для нападу на іншую дзяржаву, то, згодна з міжнародным правам, гэта будзе азначаць агрэсію супраць Украіны. То бок Украіна будзе мець права нанесці па тэрыторыі Беларусі ракетныя і авіяўдары, а таксама накіраваць дыверсійныя групы.

Краіны NATO бачаць у вучэннях пагрозу не толькі для Украіны, але і беспасярэдне для сябе. Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў «Delfi», што ўвядзенне расейскіх узброеных сілаў у Беларусь варта разглядаць «не толькі як фактар, які дэстабілізуе сітуацыю з бяспекай, але і як яшчэ большую наўпроставую пагрозу Літве».

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў расейска-ўкраінскі канфлікт
2021.12.09 14:30

Колькі вайскоўцаў возьмуць удзел у вучэннях?

Дасюль невядома, колькі расейскіх вайскоўцаў прыбудуць у Беларусь для ўдзелу ў «Саюзнай рашучасці» і колькі беларускіх жаўнераў будуць прыцягнутыя да вучэнняў.

Лукашэнка заявіў, што гэта павінны быць «салідныя» вучэнні. Начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Віктар Гулевіч распавёў, што на тэрыторыі Беларусі будзе праведзенае перагрупоўванне «дастаткова вялікага кантынгенту». Але ніякіх лічбаў пры гэтым не прагучала.

Намеснік міністра абароны РФ Аляксандр Фамін 18 студзеня заявіў, што колькасць удзельнікаў вучэнняў і асноўных сістэмаў узбраення не перавышаюць параметраў, якія падлягаюць апавяшчэнню, згодна з Венскім дакументам 2011 года. Паводле гэтага дакументу, каб не ствараць дадатковай напружанасці ў Еўропе, у выпадку правядзення вучэнняў з удзелам больш як 9 тысяч жаўнераў трэба за 42 дні да іх пачатку рассылаць апавяшчэнне, а пры колькасці больш за 13 тысячаў – запрашаць назіральнікаў. Такім чынам, калі верыць Фаміну, то ў «Саюзнай рашучасці – 2022» будуць задзеяныя не болей за 9 тысяч вайскоўцаў.

Але гэтыя лічбы ўжо цяпер выклікаюць сумневы. Удзельнік расследавальнага праекту «Conflict Intelligence Team» Кірыл Міхайлаў у інтэрв’ю радыё «Свабода» адзначыў, што агулам з Далёкага Усходу цяпер едзе вялікая колькасць рознай тэхнікі – можа ісціся пра 10–15 батальённа-тактычных групаў. Кожнае з гэтых падраздзяленняў мае ў сярэднім каля 800 байцоў, то бок агульная колькасць можа перавышаць 10 тысяч вайскоўцаў. Праўда, прызнае Міхайлаў, няма пацверджання, што ўсе яны едуць менавіта ў Беларусь – вайскоўцаў таксама могуць перакідваць на мяжу з Беларуссю і ў Растоўскую вобласць. «Аднак значная частка дакладна накіроўваецца ў Беларусь», – падкрэслівае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

Нават калі зыходзіць з таго, што словы Фаміна адпавядаюць рэчаіснасці і колькасць удзельнікаў вучэнняў не перавысіць 9 тысячаў чалавек, то застаецца пытанне, пра якія прапорцыі беларускіх і расейскіх вайскоўцаў гаворка. То бок ніхто не ведае, колькі ўласна расейскіх жаўнераў і тэхнікі будзе перакінута ў Беларусь.

Якія сілы перакідваюць у Беларусь?

У Беларусь перакідваюць вайскоўцаў з Далёкага Усходу: гэта падраздзяленні Усходняй вайсковай акругі. І гэта яшчэ адна асаблівасць цяперашняй сітуацыі. Рэч у тым, што звычайна на вучэнні ў Беларусі прыбываюць падраздзяленні з еўрапейскай часткі Расеі. Напрыклад, маштабныя манеўры «Захад-2017» і «Захад-2021» праходзілі з удзелам падраздзяленняў 1-й танкавай арміі, штаб якой дыслакуецца ў Смаленску. 1-я танкавая армія ўваходзіць у Рэгіянальную групоўку войск Беларусі і Расеі, куды таксама ўлучаныя ўсе беларускія Узброеныя сілы. Але, як адзначае генерал-палкоўнік Фамін, «можа скласціся такая абстаноўка, калі сілаў і сродкаў Рэгіянальнай групоўкі будзе недастаткова». «Супольна з беларускім бокам дасягнутае разуменне таго, што для агульнай абароны неабходна будзе прыцягнуць увесь патэнцыял вайсковай арганізацыі дзяржавы», – дадаў ён.

У «Conflict Intelligence Team» кажуць, што раней наагул не бачылі такога маштабнага перакідвання расейскіх войскаў з Далёкага Усходу. Адзіная аналогія – перакідванне танкавых падраздзяленняў з Буратыі на Данбас узімку 2015 года, дзе яны бралі ўдзел у баях за Дэбальцава.

Паводле CIT, цяпер можна дакладна казаць пра перакідванне вайскоўцаў з 16-й брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, якая базуецца ў Прыморскім краі РФ. Эксперты лічаць гэты крок цалкам лагічным, бо ў тэорыі любое сутыкненне з NATO можа ўступіць у ядравую фазу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

Акрамя таго, паводле CIT, на тэрыторыю Беларусі ўжо перакінулі сістэмы залпавага агню «Ураган». «Ураганы» размясціліся ў раёне Рэчыцы, хаця там няма палігонаў, заяўленых для расейска-беларускіх вучэнняў. Затое адтуль крыху больш за 40 кіламетраў да мяжы з Чарнігаўскаю вобласцю Украіны і каля 90 кіламетраў – з Кіеўскаю. Раней тэлеканал CNN са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведаміў, што ёсць звесткі выведкі наконт планаў расейскага наступу на Кіеў. У гэтым кантэксце такая дыслакацыя «Ураганаў» выклікае асаблівыя асцярогі, падкрэсліваюць у CIT.

Афіцыйна расейскі бок публічна заявіў толькі пра намер перабазаваць у Беларусь 12 расейскіх шматмэтавых знішчальнікаў Су-35, два дывізіёны зенітнай ракетнай сістэмы С-400 і зенітны ракетна-гарматны дывізіён «Панцыр-С».

Варта адзначыць і яшчэ адну асаблівасць сітуацыі: эксперты CIT лічаць, што расейскія падраздзяленні могуць застацца ў Беларусі і пасля лютаўскіх вучэнняў.

«Людзям з розных падраздзяленняў, якія накіроўваюцца ў Беларусь, цяпер кажуць рознае. Некаму – што яны едуць на 2 месяцы, некаму – што на паўгода, а некаму – што на 9 месяцаў. Нехта лічыць, што гэта вучэнні, а нехта – што будзе вайна», – распавёў радыё «Свабода» Кірыл Міхайлаў.

У Дзярждэпартаменце ЗША 18 студзеня заявілі, што на гэты момант Лукашэнка і ягонае атачэнне прымаюць рашэнне, якое можа паўплываць на суверэнітэт Беларусі ў цэлым.

Глабальнае пытанне
Беларусаў рыхтуюць да вайны з Украінай
2022.01.18 11:18

РР belsat.eu

Стужка навінаў