Міністр транспарту Літвы не ўпэўнены, што транзіт беларускіх угнаенняў спыніцца пасля 1 лютага


Міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс кажа, што транзіт калійных угнаенняў з Беларусі праз Літву могуць спыніць толькі супольныя еўрапейскія санкцыі. Пакуль жа чыноўнік не ўпэўнены, што загад літоўскай чыгунцы спыніць супрацу з «Беларуськаліем» будзе працаваць, піша Delfi.lt.

Урад Літвы на мінулым тыдні загадаў Літоўскай чыгунцы з 1 лютага разарваць дамову з ААТ «Беларуськалій». Аднак гэта не зробіць транспартаванне беларускіх угнаенняў цалкам немагчымым для іншых перавозчыкаў і экспедытараў. Таму ўрад спадзяецца да канца студзеня выпрацаваць папраўкі да Закону пра міжнародныя і эканамічныя санкцыі. Іх павінен будзе прыняць Сейм.

Hавiны
Літоўская чыгунка раскрыла магчымыя «дзіры» ў спыненні транзіту «Беларуськалію»
2022.01.13 09:05

Міністр транспарту выказвае перасцярогі, што няма гарантыі, што пасля 1 лютага перавозіць угнаенні не змогуць зарэгістраваныя ў іншых дзяржавах ЕЗ экспедытары на падставе кароткатэрміновых замоваў.

«Калі ставіць у якасці мэты, каб транзіт угнаенняў праз Літву не здзяйсняўся, галоўным засцерагальнікам былі б санкцыі ЕЗ, над якімі, наколькі мне вядома, МЗС цяпер інтэнсіўна працуе», – сказаў Скуодзіс у аўторак, 18 студзеня.

Паводле чыноўніка, у Літве цяпер каля 10 прадпрыемстваў, якія маюць ліцэнзію на чыгуначныя грузавыя перавозкі, два з іх могуць пераняць перавозку прадукцыі «Беларуськалію», калі Літоўская чыгунка перастане тое рабіць. Аднак прадстаўнікі перавозчыкаў кажуць, што яны не маюць ніякай магчымасці перавозіць угнаенні ад беларускай мяжы да Клайпеды.

Аналітыка
Дык працуюць санкцыі ці не? Што адбываецца з беларускім транзітам праз Балтыю
2021.12.27 07:30

Транзіт угнаенняў «Беларуськалію» праз Літву працягваецца дагэтуль, нягледзячы на санкцыі ЗША ў дачыненні гэтага прадпрыемства, якія ўступілі ў сілу 8 снежня.

Яшчэ да ўступлення санкцыяў у сілу «Беларуськалій» зрабіў аплату Літоўскай чыгунцы на некалькі месяцаў наперад. Дамова паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» была падпісаная ўвесну 2018 года да канца 2023 года. Паводле дамовы, праз Літву і Клайпедскі порт перавозіцца каля 11 мільёнаў тонаў беларускіх угнаенняў на год.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў