Казахстан: надзвычайнае становішча скасавалі, расейцаў няма, але ва ўладзе неспакойна


Мінулі два тыдні з буйных пратэстаў у Казахстане. Такаеў застаўся, Назарбаеў сышоў, расейскіх войскаў няма. Але нельга казаць, што ўсё стала стабільна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія войскі ў Казахстане.
Фота: Мінабароны РФ

Усё спакойна, усё скончылася?

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў з 19 студзеня скасаваў надзвычайнае становішча ў Нур-Султане, Алматы і пяці вобласцях на поўдні краіны. Пра страляніну на вуліцах ужо не паведамляюць. Расейскія войскі – «міратворцы АДКБ» – сыходзяць з краіны.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што 19 студзеня чатыры самалёты вывезлі апошніх «міратворцаў». Беларускія «міратворцы» вярнуліся на радзіму яшчэ 14-га. Пра тое, каб «міратворцы» разганялі пратэсты, дакладных сведчанняў не было, хоць казахі падазраюць, што расейцы маглі страляць па пратэстоўцах у Алматы.

На дзень раней былы прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў выступіў з відэазваротам, у якім сказаў, што нібыта яшчэ з 2019 года ён звычайны пенсіянер, што цяпер поўную ўладу мае Такаеў, які цяпер старшыня Савету бяспекі і неўзабаве будзе выбраны старшынём партыі «Nur Otan».

Чаму пасля пратэстаў ён сышоў з пажыццёвай пасады і знік на два тыдні, а ягоных сваякоў пазбаўляюць дзяржаўных пасадаў, Назарбаеў не патлумачыў.

Hавiны
Казахскія дэпутаты пазбавілі Назарбаева пажыццёвых пасадаў
2022.01.19 15:28

Такаеву наўрад ці можа расслабіцца

Казахскі праваабаронца, прэзідэнт грамадскага фонду «Liberty» Галым Агелеуаў, які на ўласныя вочы бачыў пратэсты і пагромы ў Алматы, пацвярджае «Белсату»: цяпер на вуліцах усё спакойна, ніякага шуму, на плошчах няма пратэстоўцаў, кантроль з боку ўладу поўны.

Касым-Жамарт Такаеў наведвае Цэнтр аператыўнага кіравання паліцыі. Алматы, Казахстан. 12 студзеня 2021 года.
Фота: akorda.kz

Але казаць, што Такаеў спакойна і ўпэўнена сябе адчувае, не даводзіцца:

«У насельніцтва ёсць вялікая стома ад таго, што ён нічога не сказаў пра палітычныя рэформы, пра тое, чаго чакалі людзі, пра нейкія канкрэтныя змены», – тлумачыць Агелеуаў.

Hавiны
Такаеў звінаваціў Назарбаева ў з’яўленні алігархату і сказаў, што трэба дзяліцца
2022.01.11 13:34

Паводле эксперта, у насельніцтва ёсць адчуванне, што Такаеў і Назарбаеў – адна сістэма, таму ад Такаева не даводзіцца чакаць вялікіх зменаў:

«Пакуль ён робіць папулісцкія заявы: адносна памеру аплаты працы, адносна невялікіх рэчаў. Так, здымае з пасадаў. Але не закранае агулам сістэмы, збудаванай Назарбаевым. «Грашовых мяшкоў», алігархаў, якія кантралююць багацце сям’і Назарбаева, здымае з пасадаў, але не прыцягвае іх да крымінальнай адказнасці. Не робіць моцных хадоў».

Тое, што Такаеў даў публічны загад страляць па людзях і дапусціў катаванні затрыманых, ставіць яго ў складаную пазіцыю. Такаеў спрабуе змякчыць сітуацыю, кажа адпускаць тых, хто не чыніў моцных злачынстваў.

Hавiны
У Генпракуратуры Казахстану заявілі, што падчас студзеньскіх пратэстаў загінулі 225 чалавек
2022.01.15 19:21

Могуць з’явіцца нагоды для наступных пратэстаў

Агелеуаў тлумачыць, што Казахстан браў вялікія замежныя крэдыты на нібыта добрыя справы: на транспарт, водазабеспячэнне, перапрацоўванне смецця… Ды за рэалізацыю гэтага адказваюць мясцовыя ўлады (акіматы), а там грошы «з’ядае» карупцыя. Даўгі перакладваюцца на насельніцтва праз рост камунальных тарыфаў (якія ўжо павысіліся ў 2021 годзе, а пасля пратэстаў іх забаранілі павышаць да 1 ліпеня 2022-га).

Аналітыка
Намыс і уят: чым кіраваліся пратэстоўцы ў Казахстане і што чакае краіну далей
2022.01.18 09:00

З наступнага года эканамічная сітуацыя можа пагоршыцца, насельніцтву давядзецца расплаціцца за вонкавую запазычанасць – магчыма, ростам камунальных тарыфаў у 2–3 разы. А пакуль «карупцыйная псіхалогія» чыноўнікаў застаецца, нічога не зменіцца.

Праваабаронца спадзяецца, што калі пачнуцца новыя пратэсты, то не сілавікі і бандыты не будуць дыскрэдытаваць мірных пратэстоўцаў такім гвалтам, які быў у пачатку 2022-га.

Hавiны
Ад снежаньскага паўстання да антыкітайскіх мітынгаў. Гісторыя пратэстаў у Казахстане
2022.01.05 19:38

Будзе як у Туркменістане ці проста Назарбаеў-2?

На думку Агелеуава, Такаеў не стане рабіць сістэмы больш жорсткай і больш дыктатарскай. Тое, што Такаеў аддаў загад страляць па пратэстоўцах, што рабіў бяздоказныя заявы пра «тэрарыстаў» і «адрэзаныя галовы», праваабаронца называе вельмі дзіўным.

Паседжанне Савету бяспекі Казахстану. Нур-Султан, Казахстан. 6 студзеня 2021 года.
Фота: akorda.kz

«Так, ёсць страх, што рэакцыя надыдзе, – разважае Агелеуаў. – Але як чалавек Такаеў больш кампетэнтны, больш разумее, што такое правы чалавека. Усё ж ён міжнародны дыпламат, мае добрую адукацыю. А Назарбаеў глядзеў на ўсё з пазіцыі аўтарытарнай моцы: наколькі ён можа знішчыць грамадскае поле, выціснуць, каб ніхто не перашкаджаў яму».

Цяпер важна, каб Такаеў не ператварыўся ў Назарбаева-2 і не сфармаваў такога ж культу асобы, кажа праваабаронца. У медыях і парламенце ўжо з’явіўся «хор», які кажа хваліць «моцную руку» Такаева, забыўшы пра Назарбаева, і казаць пра татальнае падтрыманне Такаева.

Галоўнае – палітычныя рэформы, а іх няма. Паводле Агелеуава, Такаеў кажа пра невялікія эканамічныя рэформы. І кажа пра іх як папуліст. А сапраўдныя эканамічныя рэформы звязаныя з палітычнымі: дэмакратызацыяй, парламенцкаю рэспублікаю, свабодаю слова, выбарнасцю мясцовай улады, добрым бюджэтам мясцовага самакіравання…

Аналітыка
Як паўплываюць падзеі ў Казахстане на рэжым Лукашэнкі?
2022.01.15 20:51

Уплыў Крамля вырасце?

На думку Галыма Агелеуава, уплыў Расеі залежыць ад народу Казахстану: калі народ не будзе ціснуць на Такаева і дасць таму стаць Назарбаевым-2 або суперханам, то і роля Крамля вырасце. Такаеў будзе тады больш прыслухвацца да Пуціна. Дый у Такаева ў Маскве ўласнасць, сын і былая жонка, сябры, а да казахскіх кланаў ён не належыць.

Дыстанцыйная пазачарговая сесія Савету калектыўнай бяспекі АДКБ. 10 студзеня 2022 года. Скрыншот: akorda.kz

«Такаеву важна, набраўшы ўсе пасады, пайсці на дэмакратычныя рэформы, а не будаваць аўтарытарнага рэжыму, – мяркуе Агелеуаў. – Іначай ён кладзецца пад Пуціна і прымае рашэнні, што негатыўна адаб’юцца на развіцці нашага грамадства і нашай краіны, якія будуць адломваць па кавалках наш суверэнітэт».

Такаеў можа запісаць на свой рахунак тое, як хутка выйшлі з Казахстану войскі АДКБ: «з мінусу зрабіць плюс». Але шмат што залежыць ад таго, што паспелі нарабіць «міратворцы».

Некаторыя казахі падазраюць, што сілавікі, якія расстрэльвалі машыны на цэнтральнай плошчы Алматы, былі расейцамі. У залежнасці ад таго, што скажа следства, і пазіцыя ўладаў Казахстану адносна АДКБ можа застацца станоўчай, а можа стаць рэзка негатыўнай і пайсці ў мінус Такаеву.

ВІДЭА
АДКБ – хуткая дапамога дыктатарам
2022.01.14 17:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў