Гандбольная зборная Беларусі паказала найгоршы вынік у гісторыі на ЧЕ. Разбіраем прычыны правалу


Зборная Беларусі на чэмпіянаце Еўропы ў Славакіі саступіла ў ключавых гульнях Нямеччыне і Польшчы, і заняўшы 17-ае месца, паказала горшы вынік у сваёй гісторыі, і датэрмінова вяртацца ў да дому.

На сваёй пасадзе Юрый Шаўцоў з 2009 года, але пасля правальнага 17-га месца галоўны трэнер зборнай Беларусі ў адстаўку не збіраецца. Хоць так зрабілі ягоныя калегі з суседніх Літвы і Украіны, якія таксама няўдала выступілі на топ-турніры.

Зборная Беларусі па гандболе.
Фота: handball.by

Для Літвы проста трапіць у фінальны турнір Еўра – добрае дасягненне, але галоўны трэнер Міндоўг Андрушка заявіў, што вынік нездавальняючы, патрэбныя перамены, і сышоў. Гэтак сама паступіў рулявы зборнай Украіны Міхаэль Біглер. Шведскі спецыяліст Любамір Враньеш пакінуў сваю пасаду, калі не змог выйсці з групы са зборнай Славеніі. А вось Юрыя Шаўцова, які ўсе гэтыя гады жыве ў Нямеччыне, здаецца, усё задавальняе.

Уладзімір Канаплёў узначальвае федэрацыю гандболу яшчэ даўжэй – 16 гадоў, і таксама нікуды сыходзіць не плануе. 9 лістапада 2021 года ён заявіў, што перад зборнай стаіць задача зрабіцца чэмпіёнамі Еўропы, але на пачатку студзеня 2022 года меркаванне сваё памяняў – заявіў, што галоўнае выйсці з групы. Цікава, што так паўплывала на змену пазіцыі? Склад нацыянальнай зборнай за гэты перыяд глабальна не змяніўся. Але ў выніку не ўдалося зрабіць ні таго, ні іншага – і датэрмінова вярнуцца дадому.

Нагадаем, што беларусы спачатку саступілі немцам (29:33), потым былі разгромленыя палякамі (20:29) і страцілі шанцы на працяг барацьбы. Перамога над Аўстрыяй (29:26) у глабальным сэнсе нічога не мяняла. 17-е месца – найгоршы вынік за час выступу беларусаў у фінальных турнірах Еўра, не будзем забывацца, што ў 2021 годзе нашая зборная была таксама 17-й на чэмпіянаце свету ў Егіпце. А найлепшыя вынікі былі ў першыя гады нашай незалежнасці: 9-е месца на чэмпіянаце свету ў 1995 годзе і 8-е месца на чэмпіянаце Еўропы годам раней.

Выдатна і сцісла ацаніў выступ беларусаў заслужаны трэнер Леанід Бразінскі, які заявіў: «Прыйшлі туды, адкуль выйшлі, зрабіўшы вялікае кола. І я баюся, што можа быць яшчэ горш».

Аналітыка
Найгоршы вынік за сем апошніх сезонаў. Ці справядліва зборная Беларусі па гандболе выбыла з чэмпіянату Еўропы?
2022.01.17 16:39

А вось наш эксперт, спартовы журналіст, лічыць, што няўдалы выступ зборнай залежыць ад комплексу прычынаў:

«Нічога ж незвычайнага не адбылося, гэтак жа няўдала каманда гуляла ў апошнія гады. Шаўцоў шмат гадоў расказвае, як ён рыхтуе маладых, а на выхадзе няма каму гуляць. Неабходныя перамены, але кіраўніцтва і трэнерскі штаб утульна сядзяць на сваіх месцах і нават чуць пра гэта не жадаюць. Ключавы момант – разбураны нацыянальны чэмпіянат. І ўлічваючы, што адбываецца сёння ў Беларусі, асаблівых перспектываў няма. Калі нічога не зменіцца, праз пару гадоў мы проста перастанем трапляць на топ-турніры. І для мяне відавочна, што атмасфера ў гэтай зборнай Беларусі вельмі цяжкая», – гаворыць журналіст.

Гэта меркаванне прадстаўніка Свабоднага аб’яднання спартоўцаў, былога гандбаліста і трэнера Канстанціна Якаўлева.

«З 2009 года ў Шаўцова карт-бланш. Што мы маем у чыстым астатку? Сістэмнай падрыхтоўкі гульцоў і кадраў няма, чэмпіянату няма, 7 тысячам чалавек, якія займаюцца гандболам, ісці няма куды, клубаў няма, а ў тых, у якіх ёсць, заробак 200–300 долараў, за якія яны так трымаюцца, што баяцца мець уласнае меркаванне. Паглядзеў на нашых хлопцаў пад час гімну – і тут адразу стала ясна, што атмасфера ў камандзе так сабе. Маю на ўвазе прыгнечанасць і разгубленасць, а не дачыненні. Ты можаш колькі заўгодна ўдаваць, што нічога не заўважаеш, што нічога не адбываецца. Але гэта ўсё роўна будзе пераследаваць цябе, бо ўвесь свет бачыў, што адбылося і адбываецца ў нашай краіне, усе ведаюць, што рэжым да гэтага часу працягвае гвалтаваць наш народ. І не трэба казаць, маўляў, за нас і так ніхто не хварэе. З пазітыўнага толькі адно. Няма ў нас падпісантаў за дыктатара сярод гульцоў зборнай», – напісаў Канстанцін Якаўлеў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Іван Сапега, аўтар гандбольнага праекту «Хуткі цэнтр» таксама лічыць, што прычына правалу – развал нацыянальнага чэмпіянату:

«Наогул унутранае першынство імкліва дэградуе. Дастаткова паглядзець на гарадзенскі «Кронан», які замыкае табліцу, – на секундачку, першы клуб Каралька. Прагуляныя ўсе 15 паядынкаў, прапушчана 600 мячоў (у сярэднім 40 за матч). З увагі на ўсё, заробкі – на мінімальна ўсталяваным узроўні. Ручное кіраванне (зрэшты, не толькі ў гандболе) уступіла ў перыяд стагнацыі. Цяперашняй сістэме патрэбныя рэформы, патрэбныя людзі з іншымі поглядамі і падыходамі. Прычым любая кропкавая перастаноўка праблемы не развязвае», – піша Іван Сапега.

Па-за гульнёй
Спартоўцы і журналісты выказалі словы падтрымання Аляксандру Івуліну
2022.01.18 11:48

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў