Амаль 500 расейцаў трымаюць у беларускіх турмах. З іх як мінімум 11 – за пратэсты ў жніўні 2020 года


Паводле інфармацыі амбасады Расейскай Федэрацыі ў Менску, у беларускіх турмах і СІЗА цяпер утрымліваюцца каля 450 расейцаў, піша РБК. Пераслед як мінімум 11 з іх звязаны з пратэстамі жніўня 2020 года.

Пакаранне ў Беларусі адбываюць 346 расейцаў, яшчэ 109 чалавек застаюцца пад арыштам у СІЗА. РБК зазначае, што гэтыя звесткі перадала амбасада РФ у Менску, і ў адказе пазначана, што апошні раз інфармацыя абнаўлялася 1 ліпеня 2021 года.

Маскоўская Хельсінкская група інфармуе, што прынамсі 11 грамадзянаў Расеі зняволеныя паводле палітычных матываў. Сямёра з іх ужо атрымалі прысуды і адбываюць пакаранні ў беларускіх калоніях:

Ігар Капанайка – атрымаў 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ0 і хуліганства (ч. 1 арт. 339). Капанайка – 56-гадовы афіцэр запасу. Яго асудзілі за тое, што ён заліў мантажнай пенаю дзверы супрацоўніцы міліцыі.

Аляксандр Геджадзе – 3 гады калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх (арт. 342). 35-гадовага Геджадзе асудзілі за тое, што ён перавозіў на каршэрынгавай машыне покрыўкі, з якіх потым пратэстоўцы нібыта рабілі барыкады.

Андрэй Новікаў – 2 гады і 6 месяцаў за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх (арт. 342) і незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы (арт. 371). 51-гадовы Новікаў быў валанцёрам у камандзе Святланы Ціханоўскай.

Дзмітрый Папоў – 16 гадоў за арганізацыю масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293), падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх (арт. 342), перашкоды ў ажыццяўленні выбарчых правоў (арт. 191) і распальванне варожасці (арт. 130). Папову 29 гадоў, ён працаваў у камандзе Сяргея Ціханоўскага, мадэраваў сацсеткі «Страны для жизни». Яго затрымалі яшчэ ў чэрвені 2020 года, да пачатку пратэстаў.

Яўген Пятроў – 1 год за абразу прэзідэнта Беларусі (арт. 368). 22-гадовага Пятрова асудзілі за тэкст рэп-песні ўласнага сачынення.

Ірына Вільхольм – 1 год і 6 месяцаў за паклёп на прэзідэнта (ч. 2 арт. 367). 58-гадовую Вільхольм асудзілі за тўіт, у якім яна назвала прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» «злачынствам Лукашэнкі» і «актам дзяржаўнага авіяпірацтва»

Артыкулы
Грамадзяніна Расеі Дуднікава асудзілі на 11 гадоў калоніі за агучванне пратэставых відэа
2021.12.27 15:16

Ягор Дуднікаў – 11 гадоў за распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130) і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт.361). Паводле версіі следства, 21-гадовы Дуднікаў адміністраваў тэлеграм-канал «Отряды гражданской самообороны Беларуси», які ўлады прызналі тэрарыстычным.

Яшчэ трое расейцаў чакаюць прысуду. Пад хатнім арыштам застаецца 23-гадовая Соф’я Сапега, неўзабаве мусіць распачацца суд.

Артыкулы
Крымінальная справа супраць Соф’і Сапегі паступіла ў Гарадзенскі абласны суд
2022.01.15 09:23

У СІЗА цяпер і 33-гадовы Андрэй Паднябенны. Яго падазраюць у здзяйсненні тэракту (арт. 289). Затрымалі Паднебеннага 5 лістапада 2021 года. Беларускі КДБ лічыць, што ён пракалоў шыны некалькім дзясяткам тралейбусаў у Гомлі і падпаліў міліцэйскі аўтамабіль.

Менш за ўсё вядома пра 22-гадовага расейца Антона Лысава. Яго затрымалі ў кастрычніку 2021 года, падазраюць у наўмысным знішчэнні ці пашкоджанні чужой маёмасці, якое было здзейсненае арганізаванай групай, ці пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека ці іншыя цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 218).

24-гадовы Данііл Чамаданаў ужо адбыў тэрмін пакарання. Летась яго асудзілі ў «карагоднай справе» на 1 год калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх. На волю Чамаданаў выйшаў 23 кастрычніка 2021 года, пасля чаго яго дэпартавалі ў Расею з 2-гадовай забаронай уезду ў Беларусь, хоць 22 з 24 гадоў ён пражыў у Беларусі.

Усіх, акрамя Лысава і Паднябеннага, беларускія праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў