Сяргей Пукст: мяне турбуе існаванне чалавека ў прынцыпе, а не чэргі ў паліклініцы


Міхалка і Саладуху ведаюць усе. Аднак запытайся пра Сяргея Пукста – і ў адказ цішыня. Тым не менш, менавіта ён атрымаў сёлета тры ўзнагароды музычнага парталу experty.by. Пра цуды і смак незалежнасці, пра некамерцыйную творчасць і тое, ці дарасло нашае грамадства да авангарду – у «Размове Жбанкова» распавядае музыка Сяргей Пукст.

Сяргей Пукст мае рэпутацыю падпольнага авангардыста і свядома адмаўляецца гуляць паводле правілаў масавых густаў. «Ці выгадна рабіць жорсткую і нязручную музыку?» – запытаўся Максім Жбанкоў у свайго госця.

{movie}Сяргей Пукст: мяне турбуе існаванне чалавека ў прынцыпе, а не чэргі ў паліклініцы|right|15575{/movie}

Наколькі такі прадукт можа быць паспяховы? Некамерцыйным артыстам у Беларусі быць нявыгадна і некарысна. «Гэта праўда, нявыгадна. У вузкафарматных месцах мой альбом прадаецца, але я сам выдаю свае дыскі. І гэтым займаўся ўсе жыццё». Паводле Сяргея Пукста, поспех не канвертуецца ў грошы.

«Але навошта тады рабіць такую музыку?» – дыскутуе Жбанкоў. І атрымлівае адказ госця: «Гэта не публічны поспех. Не Макс Корж і не Саладуха, не Палац спорту. Я звяртаюся ўнутр сябе і не збіраюся рабіць так, каб слухач пазнаваў сябе».

Звяртацца да вострасацыяльных тэмаў музыка адмаўляецца. Паводле яго, мастацтва стаіць вышэй, чым звычайныя праблемы чалавека. «Мяне турбуюць мадэрнісцкія пытанні, існаванне чалавека ў прынцыпе, а не чэргі ў паліклініцы. Я выходжу праз максімальнае адхіленне ад сексуальнага, сацыяльнага, палітычнага моманту на больш важныя рэчы. Гэта мая творчая задача».

Пукст расказаў і пра свае асабістыя эксперыменты з жыццём: «Гэта мая асабістая лабараторыя, якая дазваляе мне рабіць свой досвед. Усё сацыяльнае мне непрыемна. Мне нецікава пра гэта размаўляць. Бо, вядома, гэта нешта, што на нас усіх уплывае, і я мушу гэта ў сваё жыццё пускаць, але я не магу выйсці з лозунгамі ды за нешта агітаваць. Мяне хвалюе тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, аднак мне цікава пускаць гэта ў сваю творчасць толькі тады, калі гэта паўплывае і адлюструецца больш унутраным чынам».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў