Беларусь ў ААН выступіла супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны


Генеральная асамблея ААН пацвердзіла незаконнасць рэферэндуму ў Крыме і заклікала не парушаць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Супраць прагаласавала Расея, а таксама Беларусь, Арменія, Балівія, Куба, КНДР, Нікарагуа, Судан, Сірыя, Венесуэла і Зімбабвэ.



Большасць дэлегатаў, аднак, падтрымала адпаведную рэзалюцыю. «За» выказаліся 100 краінаў, яшчэ 58 – устрымаліся.

«Пацвярджаем сваю адданасць суверэнітэту, палітычнай незалежнасці, адзінству і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў», – гаворыцца ў тэксце рэзалюцыі.

В. а. міністра замежных справаў Украіны Андрэй Дэшчыца, выступаючы на Генеральнай асамблеі ААН, заклікаў прыняць рэзалюцыю, бо яна ставіць пытанне аб неабходнасці існавання ААН: «Калі вы галасуеце за гэтую рэзалюцыю, то вы падтрымліваеце Хартыю аб стварэнні ААН, калі вы галасуеце супраць, гэта нічога добрага не прынясе».

Пасля Дэшчыцы выступаў амбасадар Расеі ў ААН Віталій Чуркін, які назваў прапанаваную рэзалюцыю «канфрантацыйнаю» ды заявіў, што Расея не магла ігнараваць звароту «крымчанаў, якія прасілі права на самавызначэнне».

Прадстаўнік ЕЗ у ААН Томас Майр-Гартынг асудзіў ужыванне сілы для змены межаў і дзеянні Расеі, «якія ёсць выразным парушэннем Хартыі ААН».

Прадстаўнік Кітаю Лю Цзе І заявіў, што прыняцце гэтай рэзалюцыі толькі ўскладніць сітуацыю: «Краіны мусяць аб’яднаць намаганні ды трымацца дыпламатычных нормаў у развязанні гэтага пытання». Лю Цзе І таксама заклікаў міжнародную супольнасць праявіць стрыманасць ува ўкраінскім пытанні.

МЯ, belsat.eu, паводле zn.ua

Стужка навінаў