У Магілёве на Дзень Волі ўсклалі кветкі да... Вечнага агню


Каля 20 прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў на Дзень Волі выйшлі на Савецкую плошчу ў Магілёве і ўсклалі бел-чырвона-белыя кветкі да Вечнага агню на мемарыяле змагарам за савецкую ўладу.

Незвычайнае месца для ўскладання кветак на 25 сакавіка дэмакраты растлумачылі тым, што хочуць, каб улада ў Беларусі належала Саветам як сапраўды выбарным органам, а не прызначаным вертыкальшчыкам. Пра гэта, сярод іншых, заявіў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў.

Актывіст Віталь Макаранка, які выступіў пасля ўскладання кветак, заклікаў не лічыць гэты мемарыял помнікам змагарам за савецкую ўладу, а разглядаць яго як помнік змагарам за Беларусь. Актывісты заяўлялі, што яны не маюць саступаць месца шанавання памяці загінулых цяперашнім уладам.

З 2007 года магілёўскія дэмакраты прыносілі кветкі на 25 сакавіка да будынку абласнога краязнаўчага музею на Савецкай плошчы, у якім, як лічылася, у 1918 годзе магілёўскія ўлады прызналі ўладу БНР. Аднак затым мясцовы гісторык Ігар Пушкін выявіў, што сход у Магілёве, на якім была прызнаная ўлада БНР, праходзіў у цяперашнім будынку сярэдняй школы № 1 на вуліцы Першамайскай. У 2013 годзе дэмакраты ўскладалі кветкі да будынку школы.

Узмоцнены нарад працаўнікоў міліцыі быў каля будынку краязнаўчага музею. Міліцыянеры бачылі актывістаў, якія ўскладалі кветкі да Вечнага агню, але ніякіх дзеянняў для спынення акцыі не рабілі.

Пасля ўскладання кветак удзельнікі накіраваліся ў штаб-кватэру мясцовай арганізацыі Партыі БНФ, дзе праслухалі лекцыю Ігара Пушкіна і азнаёміліся з выставаю фотакопіяў дакументаў, звязаных з гісторыяй БНР і Магілёва.

Уладзімір Лапцэвіч / МЛ, БелаПАН

Стужка навінаў