Дзень Волі – 2014 разам з «Белсатам»: пачатак а 18:00


Сайт нашага тэлеканалу будзе асвятляць шэсце і мітынг з гадавіны абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі заўтра, 25 сакавіка, у онлайнавым рэжыме. Плануецца жывая відэатрансляцыя з месца падзеяў.



«Белсат» запрашае ўсіх, хто не зможа ўзяць удзелу ў адзначэнні Дня Волі ў Менску, далучыцца да святкавання праз нашую старонку. На нашым сайце «Belsat.eu» з 18:00 можна будзе назіраць за шэсцем у жывой відэатрансляцыі з урачыстасцяў у Менску. Гэтаксама на нашай старонцы будзе магчымасць паглядзець здымкі з акцыі ды пачытаць, як яна праходзіць.

Збор удзельнікаў шэсця чакаецца а 18:00 каля кінатэатру «Кастрычнік». Акцыя распачнецца выкананнем гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», тэкст якога аргкамітэт прапаноўвае ўсім удзельнікам вывучыць загадзя.

Шэсце пройдзе па праспекце Незалежнасці ды вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе з 19:30 да 20:00 мае прайсці мітынг.

Pokaż Дзень Волі 2014 na większej mapie

Адною з ключавых тэмаў сёлетняга Дня Волі мае быць салідарнасць з Украінаю. Таму арганізатары заахвочваюць удзельнікаў прыносіць нацыянальныя беларускія і ўкраінскія сцягі.

Дзень Волі гэта гадавіна ўтварэння першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 года ў Менску Рада БНР прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнаю і незалежнаю дзяржаваю. Дзяржаўнымі сімваламі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы зрабіліся бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, сталіцаю – Менск, дзяржаўнаю і абавязковай моваю – беларуская. Абвешчанне БНР было вялікім гістарычным крокам Беларусі да ідэйнага асэнсавання сябе як асобнай самастойнай краіны, праяваю волі беларусаў да ўтварэння незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў