Гарадзенская міліцыя цікавіцца, што паказваюць пра іхны горад на «Белсаце». Выклікалі журналіста


Журналіста з Горадні Алеся Дзянісава выклікалі ў аддзяленне міліцыі «Цэнтр», каб азнаёміць з пратаколам. Журналіста абвінавачваюць у супрацы з «Белсатам». Позву яму асабіста прынёс дадому прадстаўнік гарадзенскай міліцыі.



Позва датычыць сюжэту на тэлеканале «Белсат» пра тэатральную прэм’еру паводле «Фаўста» Гётэ ў Гарадзенскім тэатры лялек.

Пратакол склалі на падставе сведчанняў галоўнага рэжысёра тэатру лялек – Алега Жугжды, у якога Дзянісаў узяў інтэрв’ю.

У міліцэйскім пратаколе сцвярджаецца, што «А. Дзянісаў, працуючы ўласным карэспандэнтам польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат», без акрэдытацыі пры МЗС у якасці карэспандэнта замежных медыяў быў у памяшканні Гарадзенскага тэатру лялек і ажыццявіў інтэрвіяванне галоўнага рэжысёра А. Жугжды. Пасля чаго падрыхтаваны рэпартаж 7 лютага паказалі ў эфіры тэлеканалу «Белсат». Сваймі дзеяннямі А. Дзянісаў незаконна падрыхтаваў і распаўсюдзіў прадукцыю медыяў, чым парушыў заканадаўства аб медыях РБ».



Алесь Дзянісаў падпісаў пратакол, але зазначыў, што згодны з ім толькі часткова: сапраўды быў у тэатры і размаўляў з Жугждам, але ён не працуе ўласным карэспандэнтам «Белсату». Журналіст адмовіўся адказваць на пытанне, ці рабіўся сюжэт для «Белсату» і тлумачыць, як адзняты матэрыял трапіў у эфір тэлеканалу.



Пратакол склалі паводле часткі ІІ артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях. У сераду ці чацвер журналіст чакае позвы ў суд, бо яму паведамілі, што справу міліцыя скіруе да судовага разгляду.

Гэты ўжо не першы раз, калі праваахоўнікі зацікавіліся працаю журналіста. У 2012 годзе пракуратура вынесла Алесю Дзянісаву папярэджанне за зняты ў Свіслачы матэрыял на Днях памяці паўстанцаў 1863 года і абвінаваціла яго ў супрацы з «Белсатам». У 2009 годзе аналагічную паперу журналіст атрымаў пасля затрымання падчас здымак на шклозаводзе «Нёман».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў