Парушаныя пячаткі на скрынях, скаргі камісіі на назіральнікаў... Як адбываюцца выбары ў Беларусі?


Пра розныя парушэнні і перашкоды ў працы назіральнікаў у дзень асноўнага галасавання на мясцовых выбарах 23 сакавіка заяўляюць у кампаніі «Права выбару».



Цягам усяго перыяду датэрміновага галасавання і ў пачатку дня асноўнага галасавання атрымалі акрэдытацыю 810 назіральнікаў кампаніі «Права выбару». Пры гэтым 50 прадстаўнікам у акрэдытацыі было адмоўлена (з іх 18 – у Менску).

23 сакавіка прадстаўнікі кампаніі ажыццяўляюць назіранне на 354 выбарчых участках па ўсёй Беларусі. Аднак адзначаюць, што ўжо ў першыя гадзіны галасавання паступіла паведамленне пра пазбаўленне акрэдытацыі назіральніцы Валерыі Чарнаморцавай на ўчастку № 25 Лагойскай акругі № 44 выбараў у Менскі гарсавет. Падставаю для гэтага стала нібыта скарга назіральнікаў ад праўрадавых структураў, што Чарнаморцава «перашкаджала працы камісіі».

«У Воршы на ўчастку № 62 Чыгуначнай акругі № 22 выбараў у Віцебскі аблсавет і на ўчастку № 6 Маладзёжнай акругі выбараў у Аршанскі райсавет назіральнікаў размясцілі такім чынам, што яны не бачаць або скрыняў для галасавання, або кабінаў. У цэлым па Беларусі паведамленні пра немагчымасць назіральнікам ажыццяўляць назіранне ўжо паступілі з шасці ўчасткаў», – перадае кампанія.

«Адразу некалькі інцыдэнтаў» назіральнікі зафіксавалі раніцай у Слуцкім раёне – на ўчастку № 56 Казловіцкай акругі № 35 выбараў у Менскі аблсавет. «Выбарнікі перыядычна галасуюць там без паказу дакументаў, на заўвагу назіральніка чальцы камісіі адрэагавалі такім чынам: «А мы тут і так усе адно аднаго ведаем» (участак месціцца ў аграгарадку Вясея). Акрамя гэтага, назіральнік сцвярджае, што пасля ночы пячатка на скрыні датэрміновага галасавання выглядае так, нібыта скрыня была распячатаная. Да таго ж раніцаю на гэтым участку была пабочная асоба ў вайсковай форме, якая вольна перамяшчалася па ўсім памяшканні для галасавання, размаўляла з чальцамі камісіі, падыходзіла да скрыняў і да стала выдачы бюлетэняў», – паведамляюць прадстаўнікі «Права выбару».

На выбарчым участку № 19 у Брэсце назіральнікі выявілі выкрытую скрыню для галасавання. Паводле выбарчага заканадаўства, праз такія парушэнні выбары на гэтым участку трэба адмяніць, але ніхто з прадстаўнікоў улады не прыехаў на выбарчы ўчастак, каб зафіксаваць парушэнні.



МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў