Лукашэнка: Без прашэння аб памілаванні людзей, якіх лічаць палітвязнямі, не вызваляць


Будзе зварот – будзе подпіс, заявіў Аляксандр Лукашэнка пра магчымасць вызвалення палітвязняў на выбарчым участку пасля галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.

«Не хачу паўтараць, але будзе зварот – будзе подпіс. Не будзе звароту – ні чэмпіянат свету (па хакеі), ні 70-годдзе Перамогі – нічога не дапаможа. Гэта мой прынцыповы падыход да гэтага, і не толькі мой, – сказаў Лукашэнка. – Мы – дзяржава, мы – краіна. І нас не трэба нахіляць. І не трэба, зыходзячы з падвойных, патройных стандартаў да нас адпаведным чынам ставіцца. Не ад майго подпісу тут штосьці залежыць».

На ўдакладненне пра тое, што былі прэцэдэнты, калі кіраўнік дзяржавы даваў памілаванне зняволеным і без прашэнняў, Лукашэнка заявіў: «Так, і без прашэнняў я прымаю масу такіх пастановаў. Я толькі не ведаю, чаму вы зацыкліліся на некалькіх прозвішчах. Прэзідэнт мае права памілаваць любога чалавека паводле пэўнай працэдуры. Так, бывалі выпадкі, але ж злачынства злачынству – розніца, па-першае. Па-другое, я часта вам казаў і вашым там падабаронным – не напружвайце становішча. Вінаваты – паціху, без шуму, без гвалту, давайце ўнутры краіны развязваць гэтае пытанне. Вы вывелі гэтыя пытанні на міжнародны ўзровень. Вось адпаведны, адэкватны, сіметрычны адказ. Але мая заява і мае прапановы, калі ўжо жадаеце, застаюцца ў сіле».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў