Лукашэнка: Украіна мусіць быць непадзельнаю, але Крым дэ-факта – частка Расеі


«Украіна мусіць заставацца адзінаю, непадзельнаю і цэласнаю, але Крым дэ-факта сёння – частка Расеі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Менскага гарсавету на ўчастку № 1 Вяснянскай выбарчай акругі № 39.

«Крым не ёсць незалежнаю дзяржаваю, як тая ж Асеція, Абхазія і гэтак далей. Крым сёння – частка тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Можна прызнаваць гэта ці не прызнаваць, але ад гэтага нічога не зменіцца», – сказаў Лукашэнка.

Паводле лідара Беларусі, ад яго, праўладных структураў краіны ды МЗС ніхто не патрабуе прызнаць і падтрымаць расейцаў або ўкраінцаў. Пры гэтым Лукашэнка заўважыў: гэта кепска, што Расеі давялося прымаць такія захады ў Крыме.

«Праз гістарычнае мінулае, праз тое, што мы адзіны народ, ствараем адзіны праект, мы будзем з Расеяй. Трэба спыніць гэтыя спекуляцыі. Калі паўстане пытанне, мы заўсёды будзем з Расеяй: гэта я і сказаў Пуціну ў апошняй размове», – паведаміў кіраўнік дзяржавы.

На пытанне, ці азначаюць ягоныя словы пра непадзельную і цэласную Украіну, што Беларусь дэ-юрэ лічыць незаконнаю анексію Крыму Расеяй, Лукашэнка адказаў: «Мы такімі мацернымі словамі наогул не размаўляем і не выказваемся – па-першае. Па-другое, дэ-факта я сказаў, што адбылося. Што будзе дэ-юрэ, гэта мы ўбачым пазней».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў