Дзеяча БХД не пускалі на выбарчы ўчастак, а потым не выпускалі. Цяпер ён на Акрэсціна


У Цэнтрвыбаркам, пракуратуру і УУС Кастрычніцкага раёну Менску, а таксама ў Кастрычніцкую раённую выбарчую камісію накіравалі скаргі на затрыманне адказнага сакратара аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», каардынатара кампаніі назірання «Права выбару» Дзяніса Садоўскага.

22 сакавіка прадстаўніка БХД старшыня старшыні выбарчай камісіі ды ягоны намеснік спачатку не хацелі пускаць на ўчастак № 53 Чыгуначнай акругі № 20. Садоўскі спрабаваў высветліць прычыну выдалення з участку назіральніцы ад БХД, пішуць на сайце «Права выбару».

Пасля таго, як актывіст паабяцаў напісаць скаргу на дзеянні чальцоў выбарчай камісіі, яго, наадварот, не выпусцілі з участку і выклікалі міліцыянтаў. Дзеяча затрымалі і даставілі ва УУС Кастрычніцкага раёну. Што менавіта яму інкрымінуюць, дакладна невядома, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзецца пра дробнае хуліганства (арт. 17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях). Цяпер Садоўскі перабывае ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 24 сакавіка адбудзецца суд.



Як паведамляе прэс-служба БХД, у скаргах падкрэсліваюць, што на выбарчым участку Садоўскі быў як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Максіма Гацака ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам і «Дапаможнікам для чальцоў участковых выбарчых камісіяў у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 27 склікання».

«Разам з тым старшыня ўчастковай камісіі, парушаючы выбарчае заканадаўства, яго на ўчастак не пускаў, а затым і наогул выклікаў міліцыю, абвінаваціўшы давераную асобу ў дробным хуліганстве. Гэты інцыдэнт я лічу фактам палітычнага пераследу ў дачыненні мяне і маіх давераных асобаў ды патрабую неадкладнага вызвалення маёй даверанай асобы», – зазначае ў скарзе спадар Гацак.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў