Эўфарыя на фоне штурму


З дапамогаю дымавых шашак і БТРаў, пад прыкрыццём жанчын расейцы ўзялі пад кантроль некалькі чарговых украінскіх вайсковых аб’ектаў у Крыме. Палітыкі ў Кіеве робяць чарговыя гучныя заявы, але дэ факта аддаюць паўвыспу Маскве.

{movie} Эўфарыя на фоне штурму (22.03.2014)|right|15483{/movie}

Гэтак напярэдадні ў Маскве святкавалі афіцыйнае прыяднанне Крыму да Расейскай Федэрацыі. Свята не азмрочыла нават тое, што анексію прызналі толькі некалькі недэмакратычных краінаў.

ДЗМІТРЫЙ, ЖЫХАР МАСКВЫ: “Крым паказаў нам, што значыць любіць зямлю, на якой мы жывем. Гэта вельмі важна. За ўсе гэтыя 20 гадоў, можна сказаць, нам нагадалі, што ёсць найгалоўнейшым”.

Такога свята хочуць і данецкія сепаратысты, што не толькі просяць Расею абараніць іх ад фашысцкай, як яны мяркуюць, улады ў Кіеве, але і чакаюць вяртання Віктара Януковіча. І хоць украінскія спецслужбы ўжо зарыштавалі лідара сепаратыстаў Міхаіла Чумачэнку, пратэсты не спыняюцца.

ГАЛІНА ЗАКАЗЧЫКАВА, ЖЫХАРКА ДАНЕЦКУ: “Што адбываецца ў краіне – пераварот! Гэта незаконна. Мы – за законнага прэзідэнта Януковіча. І мы яго чакаем”.

А вось у прымежным з Крымам Херсоне не хочуць бачыць не толькі былога прэзідэнта, але і расейскіх жаўнераў. Некалькі тысячаў чалавек сабраліся тут на знак яднання Украіны.

Дзе цяпер сам Януковіч – невядома, пасля брыфінгу на мінулым тыдні ў Растове чуткі пра ягоную смерць толькі пашырыліся. У сваю чаргу ягоная былая суперніца Юлія Цімашэнка пачуваецца выдатна. Пасля лекавання ў Нямеччыне яна з’явілася на ток-шоу “Шустер live”. Яна ўпэўненая, што Крым яшчэ можна вярнуць ва Украіну, калі весці з Пуціным дыялог з пазіцыі сілы.

ЮЛІЯ ЦІМАШЭНКА, ЭКС-ПРЭМ’ЕР УКРАІНЫ: “Паспяховасць перамоваў залежыць выключна ад таго, ці будзе абраны правільны фармат дыялогу. Я ўпэўненая, што праз месяц Пуцін будзе прасіць дэмакратычны свет сесці за стол перамоваў”.

Паводле былой прэм’ер, гэтаму паспрыяюць, між іншага, уведзеныя ўчора санкцыі супраць шэрагу расейскіх банкаў. Акрамя гэтага, НАТО узмацняе сваіх усходніх саюзнікаў. Сёння ў Польшчу прыбылі 6 дадатковых амерыканскіх знішчальнікаў F-16. Яшчэ 4 самалёты на патруляванне не толькі Польшчы, але і Балтыкі накіруе Францыя.

СЬЮЗАН РАЙС, ДАРАДЦА Ў НАЦБЯСПЕЦЫ ЗША: “На паседжанні Рады Бяспекі ААН Расея засталася зусім адна, нават без падтрымання Кітаю, настойваючы, што яе дзеянні ў Крыме маюць нейкую легітымнасць. Рэшта свету ясна дае зразумець, што ніколі не пагодзіцца з анексіяй, што гэта парушае міжнароднае права і што ў такіх дзеянняў будуць наступствы”.

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы ўдакладніў сёння, што гэтымі наступствамі будуць значна больш сур’ёзныя санкцыі для цэлых сектараў расейскай эканомікі. Але пакуль гэта толькі чарговыя пагрозы. Расея ж дзее куды больш рашуча, а верныя прысязе ўкраінскія жаўнеры ў Крыме ўсцяж чакаюць хоць нейкіх загадаў з Кіева. Маўляў, калі нельга бараніцца, то прынамсі эвакуюйце сем’і.

ЮЛІЙ МАМЧУР, КАМАНДЗІР БЕЛЬБЕКСКАЙ АВІЯЧАСТКІ: “Чакаем нейкага рашэння. Камандаванне пакуль арыентуе чакаць. Арыентавалі нас на сёння. Але паглядзім”.

Але сёння замест загадаў база тактычнай авіяцыі дачакалася толькі чарговага штурму. Казакі на расейскім БТРы прабілі браму і ўварваліся на тэрыторыю часткі. Украінцам паставілі ўльтыматум – здацца да ночы. Улічваючы, што амаль усе ўкраінскія караблі ўжо перайшлі на бок Расеі, да канца тыдня ў Крыме можа проста не застацца лаяльных Кіеву жаўнераў.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў