На шэсце да Дня Волі заклікаюць прыходзіць 25 сакавіка з беларускаю і ўкраінскаю сімволікаю


Арганізатары шэсця і мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі – чарговай гадавіны абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі – заклікаюць грамадзянаў прыходзіць на акцыю з нацыянальнаю беларускаю і ўкраінскаю сімволікаю. Пра гэта паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 21 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

«Адна з ключавых тэмаў акцыі – салідарнасць з Украінаю. Мы будзем раздаваць стужачкі ў колерах украінскага і нацыянальнага бел-чырвона-белага сцягу. Заклікаем і саміх грамадзянаў прыносіць сцягі, а таксама плакаты і транспаранты, прысвечаныя абвешчанню БНР і адносна агрэсіі Расеі ў дачыненні Украіны», – сказаў лідар партыі БНФ.

Янукевіч таксама паведаміў, што на мітынгу плануецца прыняць рэзалюцыю аб салідарнасці з Украінаю.

Лідар аргкамітэту стварэння аб’яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» Марына Хоміч, якая таксама заяўнік акцыі, адзначыла, што ў Менгарвыканкаме звярнулі ўвагу на тое, што на акцыі мусіць быць толькі зарэгістраваная сімволіка, да якой сімволіка створанай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» не адносіцца. «Мы заклікаем прыносіць украінскія сцягі, бо яны сёння з’яўляюцца большымі антыдыктатарскімі сімваламі, чым партыйныя сцягі», – пракаментавала прадстаўніца БХД.

Збор удзельнікаў шэсця пачнецца а 18:00 каля кінатэатру «Кастрычнік». Акцыя пачнецца выкананнем гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», тэкст якога аргкамітэт прапаноўвае ўсім удзельнікам вывучыць загадзя. Шэсце пройдзе па праспекце Незалежнасці ды вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе з 19:30 да 20:00 мае прайсці мітынг.



Заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне акцыі, апроч Янукевіча і Хоміч, падпісалі намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец і сябра прэзідыуму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч.

Першапачаткова аргкамітэт прасіў гарвыканкам дазволіць шэсце ад будынку прэзідыуму Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці і мітынг на плошчы Незалежнасці. Аднак улады не далі дазволу на гэты варыянт, прапанаваўшы арганізатарам падаць яшчэ адну заяўку з указаннем шэсця па іншым маршруце і мітынгу ў іншым месцы. У той жа дзень, 10 сакавіка, аргкамітэт скарэктаваў фармат правядзення акцыі ды падаў яшчэ адну заяўку ў гарвыканкам.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў