Амаль 4 % – гэткі паказнік першага дня датэрміновых мясцовых выбараў


Як адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, выбарчая кампанія стартавала даволі актыўна. Лідаруюць – Віцебская і Магілёўская вобласці. Менш актыўная – Гарадзенская, дзе ў першы дзень прагаласавалі менш за 3 % выбарнікаў.

Мікалай Лазавік тлумачыць такую «паспяховую» яўку «магчымасцю выбарнікаў загадзя азнаёміцца з інфармацыяй пра сваіх кандыдатаў» і дадае, што «ў першы дзень парушэнняў ці сур’ёзных выбарчых спрэчак падчас датэрміновага галасавання не ўзнікала».

У сваю чаргу адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару», Ігар Лялькоў, адзначыў, што «назіральнікі рэгістравалі парушэнні, былі пададзеныя скаргі». Таксама фіксаваліся факты верагоднага прымусу да галасавання, бо прыводзілі на ўчасткі студэнтаў».

Між іншым, былі зафіксаваныя факты нядопуску назіральнікаў да спісаў выбарнікаў, амаль ўсюды не апячатвалі на ноч памяшканняў, дзе заставаліся скрыні для галасавання, што давала патэнцыйную магчымасць доступу да іх старонніх асобаў.

Дзень выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў прызначаны на 23 сакавіка. Датэрміновае галасаванне будзе доўжыцца да 22 сакавіка ўключна.

ДР, belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў