Крывавыя падрабязнасці сірыйскага канфлікту апублікавала ў сваёй справаздачы адмысловая камісія ААН.
У чарговай справаздачы прыводзяцца прыклады інцыдэнтаў, калі паўстанцы здзяйснялі масавыя забойствы палонных. Аўтары дакументу прыйшлі да высновы, што расстрэламі займаліся баевікі з арганізацыі «Ісламская дзяржава ў Іраку і Ліване» (ISIS), вядомая сваімі блізкімі сувязямі з «Аль-Каідаю».
У студзені гэтага года ў дзіцячым шпіталі ў Алепа, дзе ўтрымліваліся ваеннапалонныя, быў здзейснены акт масавага забойства, пішуць аўтары справаздачы. Палонных выводзілі на вуліцу і забівалі, спасылаецца на словы відавочцаў Бі-Бі-Сі.
Масавае пахаванне недалека ад Алепа.
У сваю чаргу ўрадавыя войскі Башара аль-Асада таксама не выбіралі сродкаў у барацьбе са сваімі апанентамі. У справаздачы звяртаецца ўвага на выкарыстанне т. зв. «барэльных бомбаў» – цыстэрнаў рознага памеру, нашпігаваных выбухоўкаю з прымацаваным кантактным дэтанатарам.
Паўлу Піннейру, адзін з аўтараў справаздачы, адзначае, што цяпер жыхары Сірыі паўсюдна пазбаўленыя доступу да харчоў, вады, электрычнасці, медычнай дапамогі. Людзі паміраюць ад голаду ў асаджаных гарадах.
Грамадзянская вайна ў Сірыі пачалася ў сакавіку 2011 г.
ЮВ паволе bbc.co.uk