Традыцыйны канцэрт яднання палякаў і беларусаў адбудзецца сёлета ў Варшаве 11 красавіка. З Менску ў Варшаву арганізуюць адмысловыя туры.
Гваздом сёлетняга канцэрту мае быць выступленне гурта «Ляпіс Трубяцкі», які заявіў пра спыненне дзейнасці сёлета ў верасні. Гэта мае быць апошні канцэрт «Ляпісаў» у Польшчы. Да іх на варшаўскай імпрэзе далучацца гурты «Amaroka» з Беларусі ды «Maleo Reggae Rockers» з Польшчы.
Імпрэза, на якой традыцыйна выступаюць польскія і беларускія музыкі, сёлета будзе мець таксама ўкраінскае гучанне – упершыню да акцыі далучыцца гурт з Украіны «Kozak System». Прычым, як зазначаюць арганізатары, спіс выступоўцаў яшчэ можа папоўніцца.
«Падчас канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» ў гэтым годзе мы хочам паказаць не толькі беларускую музыку, але і паэзію. Са сцэны прачытае свае вершы беларускі паэт Андрэй Хадановіч. Мы запрасілі таксама некаторых польскіх актораў, якія маюць па-польску прачытаць вершы беларускіх аўтараў», – расказала каардынатарка сёлетняга канцэрту Марлена Новак.
Відэа выбраных выступаў з канцэрту «Салідарныя з Беларуссю-2013»:
{movie}Выбраныя выступы з канцэрту «Салідарныя з Беларуссю-2013» |right|15372{/movie}
Апроч самога канцэрту, у Варшаве адбудзецца вулічная выстава беларускага плакату, на якой прэзентуюць працы Міхала Анемпадыстава і Юрыя Тарэева.
Вядуцца перамовы з польскімі консульствамі ў Берасці ды Горадні, каб тыя таксама пачалі выдаваць бясплатныя візы для ўдзельнікаў імпрэзы.
Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» пройдзе 11 красавіка ў самым цэнтры Варшавы – непадалёк гатэлю «Bristol» і прэзідэнцкага палацу. Уваход на яго – вольны.
Першы канцэрт салідарнасці з Беларуссю зарганізавалі ў 2006 годзе, і з тых часоў ён стаў праходзіць увесну ў Варшаве. Перапынак быў толькі ў 2010 годзе ў сувязі з гібеллю польскага прэзідэнта і высокіх дзяржаўных асобаў у авіякатастрофе пад Смаленскам. З 2011 года імпрэзы салідарнасці з беларусамі праходзяць і ў іншых польскіх гарадах.
Віктар Шукеловіч, belsat.eu