«Шпіталі лекуюць хворых»: інтэрв’ю з віцэ-прэм’ерам Крыму


«Гэты трызубец у срацы нас ужо дастаў», – з гэтых словаў пачаў размову з нашым крымскім карэспандэнтам Юрасём Высоцкім намеснік ураду Крыму, які ў Кіеве назвалі мяцежніцкім.

Юрась Высоцкі: Што адбываецца ў Крыме?

Аляксандр Спірыдонаў: Давайце пачнем з таго, чаго ў Крыме не адбываецца. Тут не страляюць. У Крыме падчас узброеных сутычак, дакладней, няма тут ніякіх узброеных сутычак. Тут не гінуць людзі. Усё працуе. Шпіталі лекуюць хворых. Цеплавыя сеткі падаюць цяпло. Грамадскі транспарт ездзіць па вуліцах. Праўда, некаторыя заангажаваныя медыі кажуць, што тут ледзь не танкі стаялі. Няма ніякіх танкаў.

ЮВ: І тым не менш каля вайсковых гарнізонаў стаяць людзі з кулямётамі, аўтаматамі. Невядома, якое войска яны рэпрэзентуюць. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

АС: Я не вайсковец, і мне цяжка казаць пра апазнавальныя знакі вайскоўцаў. Я ведаю, што у нас у Крыме ёсць атрады Дабравольнай народнай дружыны і атрады «Самаабароны». Некаторыя з іх карыстаюцца зброяй, якая зарэгістраваная. Крымчукі выступаюць супраць вайны, але заўсёды гатовыя адказаць на агрэсію.

ЮВ: То бок расейскіх жаўнераў тут няма?

АС: Несанкцыянаванага кантынгенту расейскага войска тут няма. Адзначу, што расейскія базы – гэта не толькі Севастопаль і Чарнаморскі флот. Тут базуецца пэўная колькасць расейскіх вайсковых гарнізонаў паводле гэтак званай «вялікай дамовы» з 1997 года. Яны тут былі, ёсць і ніхто не ставіць пытання аб дэнансацыі гэтых дамоваў.

ЮВ: Нейкі час таму з’явілася інфармацыя пра тое, што Данецкая і некаторыя іншыя вобласці ўсходняй Украіны хочуць далучыцца да ініцыятывы Крыму выйсці са складу краіны. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

АС: Не ідзе размовы пра выйсце гэтых абласцей са складу Украіны. Прыкладна палова насельніцтва краіны негатыўна ўспрынялі тое, што адбылося ў Кіеве. Крым не хоча гэтага.

ЮВ: У выніку гэтых падзеяў у Кіеве адбылася змена ўлады. Прэзідэнт уцёк. Сфармаваны новы ўрад. Вы прызнаяце новую ўладу?

АС: Гэта не змена ўлады. Гэта ўзурпацыя. Украінская Канстытуцыя прадугледжвае чатыры шляхі складання прэзідэнцкіх паўнамоцтваў: імпічмент – і гэтага не зрабілі, стан здароўя – а наш Віктар Фёдаравіч [Януковіч – belsat.eu] здаровы як бык, і гэта ўсе бачылі. А яго адсунулі ад улады з фармулёўкаю «за адмову ад выканання сваіх паўнамоцтваў». Напярэдадні ён сустракаўся з гэтак званымі прадстаўнікамі Майдану, а пасля яго прызнаюць нелегітымным прэзідэнтам.

ЮВ: Януковіч збег з краіны…

АС: Што датычыць уцёкаў, я не бяруся судзіць, смелы ён чалавек ці не. Тады пытанне стаяла вельмі жорстка. Вярхоўная Рада змяніла палітычную афарбоўку. У гэтага прэзідэнта, вядома ж, была спрэчная папулярнасць, але яго абралі на выбарах, якія прызналі міжнародныя назіральнікі, і з Януковічам кантактаваў увесь палітычны істэблішмент свету. Тое, што адбываецца ў Крыме, – гэта рэха тых падзеяў, з якімі крымчукі нязгодныя.

ЮВ: Еўропа прызнала новы ўрад Украіны. Кіеў не прызнае вашага ўраду, які змяніўся пры падтрыманні жаўнераў са зброяй. На паседжанні вашага парламенту і Савету Міністраў не дапускалі журналістаў. Вас прызнае Масква. Паміж Крымам і Украінаю паўстала сапраўдная мяжа. Як у гэтай сітуацыі дасягнуць кансэнсунсу?

АС: Я не разумею, пра якія прызнанні ідзе размова, але на ўласныя вочы бачыў ліст ад АБСЕ на імя дзейснага прэм’ера Крыму [Сяргей Аксёнаў, якога Кіеў абвесціў у міжнародны вышук – belsat.eu].

ЮВ: Вы за адзіную Украіну?

АС: Я за кампрамісную Украіну. Крым амаль 3 стагоддзі быў у складзе Расейскай імперыі. І я не ўпэўнены, што за апошні час Крым дазвання стаў украінскі. Крым быў розным і такім застаецца. Паводле перапісу насельніцтва 2001 года, тут жывуць 56 % расейцаў, вядома, яны ўскладаюць свае спадзяванні на Расею.

belsat.eu

Стужка навінаў