ЗША адмовілі Украіне ў вайсковай дапамозе


Улады Злучаных Штатаў Амерыкі прынялі рашэнне адмовіць новым уладам Украіны ў аказанні вайсковай дапамогі.



Паводле прадстаўніка амерыканскай адміністрацыі, якога цытуе газета «The Wall Street Journal», нядаўна Кіеў папрасіў Вашынгтон аб дапамозе ўкраінскім узброеным сілам, у прыватнасці, паставіць «значныя» партыі зброі ды боепрыпасаў, а таксама сродкі сувязі, авіяцыйнае паліва і прылады начнога бачання. Акрамя таго, Украіна хацела, каб ЗША дзяліліся з ёю звесткамі выведкі. «Аднак амерыканскія ўлады адказалі адмоваю», – адзначыла «The Wall Street Journal».

Выданне падало, што Пентагон пагадзіўся накіраваць ва Украіну толькі індывідуальныя харчовыя пайкі, іх пачнуць дастаўляць ужо бліжэйшымі днямі.

«У цяперашні час мы не разглядаем магчымасці аказання вайсковай дапамогі (Украіне). Мы далі ясна зразумець (прадстаўнікам украінскіх уладаў), каб яны разлічвалі на эканамічную дапамогу», – газета прывяла словы прадстаўніка амерыканскай адміністрацыі.

Між тым суразмоўца «The Wall Street Journal» не выключыў, што ў будучыні вайсковая дапамога ўсё ж можа быць аказаная. «Мы не сказалі ім: «Катэгарычна не». Мы сказалі: «Цяпер – не», – заявіла крыніца ва ўрадзе ЗША.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.ua

Стужка навінаў