185 млрд долараў на польскае войска. Што на гэта Пуцін і Лукашэнка?


Польшча зацвердзіла і апублікавала «Стратэгічны абарончы агляд 2016», а цяпер назвала ягонае выкананне прыярытэтам на гэты год. 30-ці старонкавы дакумент спалучае ў сабе элементы новай абароннай канцэпцыі і вайсковай дактрыны Польшчы з візіянерскім бачаннем польскага войска на 15 гадоў наперад. У беларускім міністэрстве абароны, напэўна, гэты дакумент ужо пераклалі і зараз пільна вывучаюць, тым жа заняўся і наш калега Ігар Кулей.

Польшча ажыццяўляе танкавую ракіроўку па прынцыпе – усё лепшае ў сталіцу. У вайсковую частку 1230 што месціцца ў варшаўскім раёне Вэсола з заходняй часткі краіны перакідваюць найбольш сучасныя танкі польскага войска – Леапарды нямецкае вытворчасці.

Першы батальён з 58-мі танкаў ужо ўвайшоў у склад 1-ай варшаўскай бранятанкавай брыгады імя Тадэвуша Касцюшкі, другі, з такой жа колькасцю танкаў мае прыбыць неўзабаве.

Пры гэтым танкі, якія раней стаялі ў Вэсолай перамяшчаюцца на поўнач, пад мяжу з Калінінградскай вобласцю.

Гаворыць Павэл Флейшэр, кіраўнік Інстытуту прагнозаў і міжнародных даследаванняў:

«Апошнія два гады Міністэрства абароны Польшчы зрабіла шмат крокаў па ўзмецненню гарнізонаў, якія знаходзяцца на ўсходзе краіны. Адным з іх і з’яўляецца і гэтая бранятанкавая брыгада пад Варшавай. Гэта адказ на працу папярэдняга ўраду, пры якім шмат частак на ўсходзе краіны былі распушчаныя ці аслабленыя».

Дзеянні Польшчы – адказ на агрэсію Расеі ва Украіне. Але ў эксперцкіх колах самой Расеі, як і ў Беларусі, такі рух Варшавы выклікаў неадназначную рэакцыю. Ад Вэсолай да Берасця менш за 190 кіламетраў. Частка адмыслоўцаў кажа, што Менск будзе вымушаны нейкім чынам адрэагаваць на такое новае «суседства», іншыя не пагаджаюцца.

Каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog»:

«Ніякіх рухаў Менск рабіць не будзе і не варта іх рабіць, бо гістарычна так склалася, што большая частка сухапутных войскаў Беларусі дыслакуецца якраз на заходніх і паўночна-заходніх напрамках, то бок насупраць Польшчы і краінаў Балтыі. Умоўна кажучы Менск ужо ўсё зрабіў за савецкім часам».

Але танкавая перадыслакацыя гэта толькі кропля ў моры зменаў, якія чакаюць польскае войска. Зразумець маштаб задачы, якая стаіць перад узброенымі сіламі нашай заходняй суседкі можна ў свежа апублікаваным дакуменце пад назвай «Стратэгічны абарончы агляд 2016».

Цягам бліжэйшых 15-ці гадоў Варшава збіраецца кардынальна перабудаваць армію. Стрыжнем праекту стануць новыя ўзоры ўзбраенняў. У прыярытэце:

– Шматкротнае павелічэнне патэнцыялу далекасяжнае артылерыі з дапамогай новага ракетнага комплексу «Амар» (Homar). Па-сутнасці гэта поўны аналаг беларускага «Паланэзу». Менску тэхналагічна дапамог Кітай. З Варшавай тэхналогіямі падзеляцца ЗША.

– танк новага пакалення. Польшча збудуе яго з тэхналагічнай дапамогай саюзнікаў ці прыме ўдзел у чужым праекце.

– Новыя штурмавыя верталёты, замест састарэлых савецкіх Мі-24. Афіцыйна конкурс не абвешчаны, але хутчэй за ўсё гэта будзе амерыканскі «Апач», або італьянская «Мангуста».

– Новыя самалёты пятага пакалення з далекасяжным кропкавым узбраеннем. На рынку даступныя толькі амерыканскія F-35.

– Амерыканскія супрацьпаветраныя комплексы «Патрыёт» у самай сучаснай канфігурацыі. Па гэтай пазіцыі перамовы з ЗША ўжо знаходзяцца бліжэй канца чым пачатку.

– беспілотныя сістэмы для выведкі наземных сілаў і флоту.

– новыя падводныя лодкі з ракетамі з радыусам дзеяння да 1000 кіламетраў. Польшча плануе сумесную вытворчасць са шведамі або французамі.

З існым вайсковым бюджэтам Польшчы будзе цяжка выканаць гэтую праграму нават цягам 15-ці гадоў, таму выдаткі на абарону вырастуць за гэты перыяд з двух да двух з паловай адсотка ад ВУП, або амаль да 15-ці мільярдаў долараў штогод. Чвэрць з гэтых грошай пойдзе на новую тэхніку.

Каментуе Рамуальд Шарамецьеў, былы в.а міністра абароны Польшчы, доктар вайсковых навук:

«Мы прыглядаемся да таго, як сваё войска мадэрнізуе Расея, якая выразна стварае наступальныя ўзоры ўзбраення. Масква выдаткоўвае вялікія сумы і будзе ў стане паспяхова весці вайсковыя дзеянні. Мы з вялікім высілкам выдаткоўваем на тое, што нам проста неабходна, каб гарантаваць нашую нацыянальную бяспеку і абараніць межы».

Другой важнай высновай дакументу сталася канцэпцыя: «Не толькі якасць, але і колькасць». Польшча збіраецца нарасціць колькасць жаўнераў да 200 тысячаў, а асобныя раёны насыціць Войскамі тэрытарыяльнае абароны – мясцовымі добраахвотнікамі, якіх плануюць рыхтаваць да 35 тысячаў у год. Узяўшы гэта пад увагу, наўрад ці беларускае міністэрства абароны будзе глядзець на тое, што адбываецца за нашай заходняй мяжой склаўшы рукі.

«Я не думаю, што Беларусі варта нечым адказваць неяк у вайсковым плане, але варта адказваць у эканамічным і палітычным плане. Палітычна трэба развіваць адносіны даверу і супрацоўніцтва з Варшавай. А ў эканамічным трэба праводзіць рэформы, каб мець магчымасць, праз нейкі час, выдаткоўваць на войска сродкі параўнальныя з тымі, якія можа дазволіць сабе Варшава», – працягвае Андрэй Паротнікаў кіраўнік «Belarus Security Blog».

Але нават калі афіцыйны Менск заплюшчыць вочы на ўзрост вайсковага дысбалансу ў рэгіёне, больш актыўную пазіцыю можа заняць Масква. Якая нагадае беларускім уладам пра саюзныя абавязальніцтвы.

«Беларуска-расейскія адносіны знаходзяцца ў стадыі зніжэння, ці нават крызісу. Цалкам магчыма, што Масква паспрабуе давесці іх да нейкай кропкі кіпення, дзеля таго, каб потым за нармалізацыю патрабаваць саступак, у тым ліку і магчыма пашырэння расейскай вайсковай прысутнасці», – прагназуе Андрэй Паротнікаў.

Але як бы спакойна сітуацыя не выглядала звонку, лічбы даводзяць, што Беларусь ужо ўцягнулася ў гонку ўзбраенняў у рэгіёне. Бюджэт 2018 году ўпершыню прадугледжвае выдаткі на войска, вышэйшыя чым на міліцыю – амаль 600 мільёнаў долараў. Гэта можа сведчыць пра тое, што беларускія ўлады бачаць большую пагрозу звонку краіны, чым унутры. Але ці «па Сеньке шапка»? Бо нават гэты бюджэт гэта ўсцяж у 2 разы менш, чым у трохмільённай Літвы, і ў 20 разоў меней за вайсковы бюджэт Польшчы.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою 12 студзеня 2018 года.

Таксама ў праграме:

  • Як змены ў польскім урадзе паўплывюць на Беларусь? Інтэрв’ю з журналістам польскага выдання «Дзеннік Газета праўна», Міхалам Патоцкім.
  • Адныя айцішнікі выязджаюць з Беларусі а іншыя наадварот, вяртаюцца. Чаму так адбываецца? Рэпартаж з Фінляндыі.
  • Чаму спрэчкі паміж Менскам і Масквой будуць працягвацца? Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з палітолагам Валерыяй Касцюговай
  • Чэхі выбіраюць: Сябар Расеі ці нармальны прэзідэнт?

КА, belsat.eu

Стужка навінаў