Дэпутат Дзярждумы прызнаў, што ў Крыме – расейскія войскі


Леанід Слуцкі, старшыня камітэту Дзярждумы Расеі ў справах СНД і сувязяў з суайчыннікамі, у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» прызнаў, што ў Крым уведзеныя расейскія войскі.

Гаворачы пра неабходнасць абараніць Крым ад «бандыцкіх атрадаў з Кіева», Слуцкі заявіў: «Цяпер там ёсць некаторыя вайсковыя фармаванні, якія займаюць пазіцыі, гэтак бы мовіць, на выпадак той самай узброенай агрэсіі, узброенай экспансіі з Кіева. Гэта не маштабная ваенная аперацыя».

Дэпутат выказаў надзею, што справа не дойдзе да поўнамаштабнай ваеннай аперацыі.

Да гэтага часу Расея афіцыйна не прызнавала наяўнасці сваіх войскаў у Крыме. На прэс-канферэнцыі 4 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што рашэнне аб уводзе войскаў ва Украіну яшчэ не прынятае, а ўзброеныя людзі без апазнавальных знакаў у Крыме, апранутыя ў вайсковую форму, – гэта атрады крымскай самаабароны.

Тым часам 13 сакавіка Вярхоўная Рада Украіны прыняла рашэнне аб аднаўленні Нацыянальнай гвардыі Украіны. Як паведаміла агенцтва УНІАН, у адпаведнасці з законам унутраныя войскі Міністэрства ўнутраных справаў ператвараюцца ў Нацыянальную гвардыю Украіны – вайсковае фармаванне з праваахоўнымі функцыямі, якое будзе ўваходзіць у сістэму МУС Украіны.

Нацыянальная гвардыя Украіны закліканая выконваць службова-баявыя задачы ў інтарэсах грамадзянаў, грамадства і дзяржавы ва ўмовах мірнага часу, у надзвычайных сітуацыях, а таксама браць удзел у забеспячэнні абароны Украіны, абараняць яе суверэнітэт і тэрытарыяльнай цэласнасць, запэўніваць бяспеку памежнай прасторы, дзяржаўную незалежнасць і нацыянальныя інтарэсы ў выпадку ўзброенай агрэсіі, узброенага канфлікту або пагрозы нападу шляхам непасрэднага вядзення (баявых) дзеянняў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў