Беларусы шпіёнілі ў Польшчы на карысць Расеі?


У Польшчы затрымалі двух чалавек паводле падазрэння ў шпіянажы на карысць Расеі. Згодна з неафіцыйнаю інфармацыяй, піша “Gazeta Wyborcza”, затрыманыя ёсць грамадзянамі Беларусі.

Чальцы камісіі бяспекі польскага Сейму даведаліся пра гэта 12 сакавіка на сустрэчы, якая адбылася ў будынку вайсковай выведкі Польшчы. Пасяджэнне было закрытае, таму дэпутаты захоўваюць маўчанне, піша польскае выданне.

Паводле звестак газеты, шпіёны актывізавалі назіранне за польскімі вайсковымі аб’ектамі, што можа быць звязана з падзеямі ў Крыме.

Як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзмітрый Мірончык, амбасада Беларусі ў Польшчы не атрымлівала афіцыйнай інфармацыі наконт гэтага. “Беларускі бок будзе правяраць звесткі, размешчаныя ў польскіх медыях, праз свае каналы”, – сказаў ён.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў