Уладзімір Яроменак на волі (фота)


Актывіст «Маладога фронту» былы палітзняволены Уладзімір Яроменак выйшаў на волю сёння а 8.15 з арыштнага дому ў Баранавічах. Яго сустракалі жонка і паплечнікі.
У жніўні мінулага года суд Першамайскага раёну Менску прызнаў Яроменка вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду і прыгаварыў яго да трох месцаў арышту. Асуджаны і ягоны адвакат абскардзілі прыгавор у вышэйшай інстанцыі, аднак Менгарсуд, разгледзеўшы скаргу ў лістападзе, пакінуў прысуд у сіле. 11 снежня Яроменак быў узяты пад варту.

Уладзімір Яроменак праходзіў у якасці абвінавачанага ў крымінальнай справе аб масавых закалотах у Менску 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да 3 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011-га вызвалілі на падставе ўказу прэзідэнта аб памілаванні. Над Яроменкам устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго ён трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на 7 дзён адміністратыўнага арышту нібыта за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га – на 12 дзён арышту за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду.

Праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што прэвентыўны нагляд выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі ў дачыненні былых палітзняволеных для таго, каб кантраляваць іхныя дзеянні ды прымусіць адмовіцца ад актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў