У Крыме вайскоўцы павіншавалі жанчынаў, якія дапамагалі абараняць гарнізон


Акупацыя працягваецца. Усё больш расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі ва ўкраінскім Крыме. Цярпяць мясцовыя жыхары ды журналісты. Жанчыны ж у некалькіх гарадах паўвостраву правялі мітынгі за адзіную Украіну, прымеркаваныя да 8 сакавіка. Тым часам у Кіеве спадзяюцца на стварэнне кантактнае групы ў развязанні канфлікту, але ці пагодзіцца Расея далучыцца да яе?

8 сакавіка ў акупаваным Крыме. Адразу ў некалькіх гарадах паўвостраву адбыліся акцыі пратэсту жанчын супраць дзеянняў расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі аўтаномнае рэспублікі, а таксама памкненняў Крамля адлучыць Крым ад Украіны.

{movie}Свята над акупацыяй|right|15242{/movie}

ЖЫХАРКІ ГОРАДУ СТАРЫ КРЫМ:

“Нашыя патрабаванні – каб на зямлі панаваў мір, каб мы, крымскія татары, засталіся на сваёй зямлі!”

“Нам не трэба Расея! Нам і гэтак добра тут жылося. Дзякую Пуціну за 8 сакавіка!”

“Няхай выводзіць войска адсюль, навошта ён тут трэба?”



Тым часам Міністэрства абароны Украіны заяўляе пра павелічэнне колькасці расейскіх вайскоўцаў на паўвостраве да 18 тысячаў. Аўтаматчыкі без апазнавальных знакаў працягваюць штурмаваць украінскія вайсковыя аб’екты. Гэтак уначы адбыўся напад на гарнізон у Севастопалі.

АНДРЭЙ АЛАДАШВІЛІ, КАМАНДЗІР ГАРНІЗОНУ:

“Пры дапамозе цяжкавіка яны пайшлі на таран, пералезлі ўзброеныя жаўнеры, сталі за нашымі спінамі. Нашыя вайскоўцы, бо мы няўзброеныя, сталі жывым шчытом паміж цяжкавіком ды іхнымі жаўнерамі. У выніку ўдалося спыніць гэтае ўварванне. Потым шляхам перамоваў удалося адцясніць гэтае аўта за межы гарнізону”.



Пакуль паспяховая і абарона гарнізону ля лётнішча Бельбек. Трымаць яе ўкраінскім жаўнерам дапамагаюць мясцовыя жыхаркі, якіх удзячныя вайскоўцы павіншавалі сёння са святам.

МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:

“Была смеласць гэтыя восем дзён, дзевяць, на дзясяты дзень ужо слёзы пайшлі. Гэта ўжо добра. Бо мы тут на перадавой стаялі, нашых хлапцоў бяззбройных баранілі ды нашую годнасць і гонар, каб не стаць здраднікамі. Дажылі да 8 сакавіка – і дзякаваць Богу!”

Абстаноўка ж на паўвостраве, натуральна, не святочная. За апошнія содні гэтак званая “самаабарона Крыму” ўчыніла некалькі нападаў на журналістаў – у іх адбіралі тэхніку і збівалі. Апрача таго, жаўнеры без знакаў адрознення захапілі тэлерадыёкампанію “Крым”, а таксама рэспубліканскі ваенкамат у Сімферопалі і аддзел памежнае службы “Шчолкіна”.

Усе ж спробы новай улады Украіны распачаць дыялог з Расеяй – пакуль беспаспяховыя. Сваё пасярэдніцтва паміж бакамі прапанавалі некалькі краінаў Еўразвязу, якія разам з Кіевам будуць дамагацца ад Крамля стварэння адмысловае групы дзеля ўрэгулявання канфлікту.

АНДРЭЙ ДЗЕШЧЫЦА, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ УКРАІНЫ:

“Мы абмяркоўваем пытанне пра стварэнне кантактнае групы, у якую б увайшлі прадстаўнікі тых краінаў, якія ініцыявалі яе стварэнне, плюс Украіна і Расея. У нас з’явілася маленькая надзея, што ўсё развяжацца мірным шляхам”.

Пакуль жа Масква гатовая да дыялогу адносна сітуацыі ў Крыме з Захадам, але не з Кіевам. Пры гэтым працягвае настойваць на тым, што да падзеяў ва Украіне не мае ніякіх дачыненняў.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:

“Нас спрабуюць прадставіць адным з бакоў канфлікту, якім мы не з’яўляемся. Канфлікт носіць унутрыўкраінскі характар, пры чым інспіраваны ён быў звонку і не з нашага боку”.

Няўжо з заходняга? Тым не менш выканальнік абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў спадзяецца, што менавіта Захад дапаможа адстаяць цэласнасць дзяржавы.

Што праўда, пакуль свет не спяшаецца аказваць Кіеву рэальную дапамогу. Нават сённяшняе паседжанне Рады бяспекі ААН, прысвечанае падзеям у Крыме, перанеслі на некалькі дзён.

Канкрэтнай і адраснай, гэтак бы мовіць, дапамогі з боку Захаду дачакалася бадай толькі… былая кіраўніца ўраду Украіны. Вызваленая з-за кратаў Юлія Цімашэнка прыбыла сёння ў адну з нямецкіх клінік.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў