Пасол Украіны ў Беларусі стаў амбасадарам Майдану


Беларусь – краіна прагматычная. Такое перакананне агучыў амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль. Паводле дыпламата, і кіраўніцтва краіны прагматычнае ды зойме канструктыўную пазіцыю адносна новых уладаў у Кіеве. Дыпламат, сам былы міністр ва ўрадзе Мікалая Азарава, цяпер адкрыта падтрымаў украінскі ўрад, сфармаваны пад наглядам Майдану.



Міхаіл Ежэль зусім не падобны да звычайнага дыпламата, ён трымаецца і размаўляе, як вайсковец. Контр-адмірал Ежэль 2 гады быў міністрам абароны, пакуль Віктар Януковіч не адправіў яго ў Беларусь амбасадарам. І сёння дыпламат-марак ганарыцца жаўнерамі і афіцэрамі Украіны, што без ужывання зброі супрацьстаяць уварванню ў Крым.

{movie}Амбасадар Майдану (05.03.2014) |right|15184{/movie}

МІХАІЛ ЕЖЭЛЬ, АМБАСАДАР УКРАІНЫ Ў БЕЛАРУСІ:

“Ні пры якіх абставінах мы не здадзім зброі і будзем абараняцца да апошняга”.

Сёння амбасадар не толькі агучыў афіцыйную пазіцыю Украіны адносна яе незалежнасці і непадзельнасці, але і нагадаў, што міжнародная супольнасць рэзка асудзіла дзеянні Расеі.

МІХАІЛ ЕЖЭЛЬ, АМБАСАДАР УКРАІНЫ Ў БЕЛАРУСІ:

“Расейская Федэрацыя працягвае мэтанакіраваныя дзеянні па дэстабілізацыі сітуацыі ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, у тым ліку правакаваць узброеныя сілы Украіны да сілавога адказу”.



Міхаіл Ежэль спадзяецца, што ўва ўсіх бакоў хопіць розуму і палітычнай волі, каб не дапусціць кровапраліцця. Ён проста не можа ўявіць, што будзе вайна між славянамі. Што да амбасады Украіны ў Менску, то яна цалкам прызнаЕ легітымнымі новыя ўлады ў Кіеве і лічыць, што Украіне не варта непакоіцца праз Беларусь, хоць нашая краіна і ўваходзіць у Саюзную дзяржаву з Расеяй. Адносіны між Менскам і Кіевам – самыя братэрскія і блізкія, нагадвае Міхаіл Ежэль, а лепшае пацверджанне гэтаму – беларуска-ўкраінскі таваразварот.

МІХАІЛ ЕЖЭЛЬ, АМБАСАДАР УКРАІНЫ Ў БЕЛАРУСІ:

“$ 7 млрд долараў! І я, як амбасадар, які займаецца гэтым пытаннем і вывучае гэтыя аспекты, кажу, што гэта не канчатковая лічба. Мы яе можам памножыць на 2, а то і на 3”.



Таму, падкрэслівае амбасадар, трэба шукаць любую пляцоўку для дыялогу і кантактаў беларускіх і ўкраінскіх уладаў. Тады ў адносінах між Менскам і Кіевам усё будзе добра.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў