Еўрапейская інтэграцыя ці расейскае братэрства? Як Малдова і Прыднястроўе жывуць на розных полюсах


Малдаване ўжо з чэрвеня паедуць у Еўропу без візы. Прыднястроўцы ж маюць танны газ і даплаты да пенсіі ад Расеі. Еўразвяз ці Мытны саюз? Што абіраюць і як жывуць людзі па абодва бакі Днястра?

Кірунак – Еўразвяз

«Я б хацела з’ехаць у Еўропу – магчыма, паступіць у нейкі французскі ўніверсітэт, – кажа Думітрыта, вучаніца 11-га класу, жыхарка Кішынёву. – Шмат хто з маіх знаёмых і блізкіх ужо з’ехалі. У нас вельмі маленькія заробкі, каля 300 еўраў. З кожным днём лей падае, таму цяжка».

Цяпер дзяўчыне з’ехаць з радзімы стане значна прасцей. Напрыканцы лютага Еўрапейскі парламент прагаласаваў за адмену візаў для грамадзянаў Малдовы. Малдаване чакаюць, што ўжо з чэрвеня паедуць у Еўропу свабодна.

Да канца жніўня чакаецца падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам, пасля чаго рухацца ў кірунку Еўропы стане яшчэ прасцей. А пакуль што Малдова праводзіць рэформы. Еўразвяз, паводле дарадцы прэм’ер-міністра ў палітычных пытаннях Уладзіслава Кульмінскага, дапамагае арганізацыйна і фінансава: да 2018 года на рэформы будзе выдзяляць Малдове 100 мільёнаў еўраў штогод.

Але нельга сказаць, што ўсё насельніцтва Малдовы гатовае ўжо заўтра стаць часткаю Еўразвязу. Сімпатыі да Расеі, асабліва ў старэйшага пакалення, даволі моцныя. Дэмакраты, што прыйшлі да ўлады ў 2009 годзе, расчаравалі людзей. Малдаване называюць іх уладаю алігархаў.

«Людзям не падабаецца кумаўство ва ўладзе, нізкі ўзровень жыцця, – кажа Думітрыта. – Увогуле, мы нібы ў Еўропу хочам, а таксама з Расеяй сябруем. Як правільней – не ведаю. Бо Расея – гэта газ. Але Расея падпарадкоўвае нас сабе, заўсёды хацела нас бачыць сваёй часткаю». Дзяўчына падкрэслівае, што для яе важная нацыянальная самастойнасць.

Мытны саюз: рэформы непатрэбныя, проста ўступіце – і газ будзе таннейшы

Альтэрнатыву Еўразвязу, Мытны саюз, віцэ-міністр замежных справаў Валер Ківар характарызуе так: «Мытны саюз не базуецца на прынцыпах дэмакратычнага развіцця і правоў чалавека, гэта палітычна-эканамічная структура, якая не спрыяе развіццю грамадзянскай супольнасці».

Віцэ-міністр у галіне еўраінтэграцыі Юльян Гроза зазначае, што далучэнне да Мытнага саюзу прасцейшае: «Апаненты еўрапейскай мадэлі развіцця кажуць нам: нічога рабіць не трэба, ніякіх рэформаў, проста, заўтра газ будзе таннейшы, мы дамо вам крэдыт на льготных умовах».

Але такі шлях нядоўгатэрміновы, падкрэслівае віцэ-міністр. І распавядае, што расейскаму газу Малдова шукае альтэрнатыву: «Мы цяпер працуем над падключэннем нашай краіны да еўрапейскай сістэмы газаправоду. Газ мы будзем атрымліваць з Румыніі, з Чорнага мора, але таксама і з Расеі. Паколькі газ не мае нацыянальнасці, толькі кошт».

Прыднястроўе – інструмент уплыву Расеі на рэгіён?

Важнасць кошту газу напоўніцу адчуваюць на сабе жыхары Прыднястроўя – часткі Малдовы, што аддзялілася і абвесціла самастойнасць у 1990 годзе, і ў Еўропу не спяшаецца.

Расея пастаўляе газ у Прыднястроўе бясплатна. Людзі за газ плацяць 52 прыднястроўскія капейкі за кубаметр. Але Расеі гэтыя грошы не ідуць, а застаюцца ў мясцовым бюджэце. Як вынік, рэгіён мае больш за 4 мільярды долараў доўгу, але Расея не спаганяе яго.

Апроч таго, Расея даплачвае пенсіянерам Прыднястроўя, 15 долараў да пенсіі кожнаму.

Як распавёў Ён Маноле, кіраўнік малдаўскай праваабарончай арганізацыі «Promo-LEX», людзі імкнуцца выкарыстаць гэткія прэферэнцыі на сваю карысць. Напрыклад, працуюць на правым беразе, а жывуць на левым, бо там таннейшыя жытло і газ. Ці на зіму пераязджаюць у Прыднястроўе, каб менш плаціць за ацяпленне. Для жыхароў Прыднястроўя – звычайная справа мець два і больш пашпартоў і грамадзянстваў.

Але, нягледзячы на льготы, Ён Маноле сцвярджае, што жыхароў Прыднястроўя дыскрымінуюць і яны не маюць ніякіх правоў: «Прыднястроўе – гэта чорная дзірка правоў чалавека. Там няма ніякіх інструментаў, каб абараняцца».

З дыскрымінацыяй сутыкаюцца прыднястроўцы, што хочуць навучаць сваіх дзяцей на аснове лацінскай графікі. Як распавёў Ён Маноле, гэтых людзей выклікаюць і кажуць: калі заўтра не будзе заявы аб пераводзе вашага дзіцяці ў іншую школу, вы згубіце працу, і ваш муж ці жонка.

Праваабаронца адзначае, што Расея парушае дамоўленасці, падпісаныя з Малдоваю: «Паводле “Дамовы аб сяброўскіх дачыненнях” Расея абавязалася паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Малдовы. Але ў абыход малдаўскага ўраду Расея мільярдамі фінансуе прыднястроўскі рэжым, узбройвае яго, дае бясплатны газ. Такім чынам Расея практычна кантралюе сітуацыю ў рэгіёне».

Паводле спадара Маноле, Прыднястроўе мае шматлікую армію, якая, паводле некаторых падлікаў, мацнейшая за малдаўскую. «Там для салдатаў і міліцыі – рай, як на курорце, – кажа праваабаронца. – Там няма вайны, але статус у іх як у канфліктнай зоны, таму яны маюць даплаты. Шмат малдаванаў туды ў войска ідуць з гэтай прычыны. І ніхто дакладна не ведае, колькі там вайскоўцаў і ўзбраення».

Жыхар Прыднястроўя: «У нас яшчэ думаюць, што з Масквы дапамогуць, а астатнія ўсе ворагі»

«Я б нармальна паставіўся, калі б Прыднястроўе стала аўтаномнай вобласцю Расеі, – кажа Аляксандр Дарашэнка, жыхар Прыднястроўя. – Калі для нас застануцца тыя ж прэферэнцыі, я не супраць. Магчыма, гадоў дваццаць таму я хацеў, каб свет прызнаў Прыднястроўе незалежнай адзінкаю. Цяпер тут усё развалена».

“У нас яшчэ застаўся той менталітэт, што з Масквы заўсёды дапамогуць, а астатнія ўсе ворагі”, – дадае спадар Аляксандр і распавядае, што шмат хто едзе ў Расею, бо ў Прыднястроўі працы няма, а калі і ёсць, то заробкі – 100–150 долараў на месяц. Ад беднасці не ўратоўвае нават бясплатны расейскі газ.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў