Лукашэнка выправіўся ў Маскву


Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Маскву для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету (ВЕЭС) на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. Саміт збіраюць раней за прызначаны тэрмін.

Паводле афіцыйнае інфармацыі, у цэнтры ўвагі сустрэчы будуць пытанні стварэння Еўразійскага эканамічнага саюзу, які мае пачаць функцыянаванне 1 студзеня 2015 года – сярод іншага, праца над праектам Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Першапачаткова пасяджэнне ВЕЭС планавалася на 11 сакавіка.

Афіцыйна аб прычынах пераносу саміту не паведамляецца, але, мяркуючы з усяго, гэта звязана з апошнімі падзеямі ва Украіне. Вядома, што 3 сакавіка адбыліся тэлефонныя размовы Пуціна з Лукашэнкам і Назарбаевым. Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі “крызіснае развіццё сітуацыі ва Украіне, якое стварае рэальную небяспеку жыццю і законным інтарэсам расейскамоўнага насельніцтва, найперш у Крыме і ўсходніх рэгіёнах гэтай краіны”, паведаміла прэс-служба Крамля. “Цяперашняе абвастрэнне грамадска-палітычнай сітуацыі выклікае занепакоенасць дзяржаваў – чальцоў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету, у тым ліку з гледзішча эканамічных і гуманітарных наступстваў. Кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся падтрымліваць шчыльныя кантакты”, – зазначалася ў паведамленні прэс-службы.

4 сакавіка Нурсултан Назарбаеў заявіў, што сітуацыя ва Украіне закранае інтарэсы краінаў Мытнага саюзу. “Я ўнёс прапанову аб правядзенні самым бліжэйшым часам сустрэчы, дзе адбудзецца грунтоўны абмен думкамі ды абмеркаванне захадаў для недапушчэння развіцця небяспечных тэндэнцыяў у такой сітуацыі”, – паведаміў Назарбаеў на сустрэчы з міністрам замежных справаў Ерланам Ідрысавым.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў