У міліцыянтаў – прафесійнае свята, але развагі і прамовы – зусім пра іншае. Праваахоўнікі не толькі абяцаюць расследаваць злачынствы, але і ліквідаваць палітычныя канфлікты, калі яны ўзнікнуць. Каго і што насамрэч бароніць беларуская міліцыя?
Міністр унутраных справаў – нарадзінец Украіны. І таму словы Ігара Шуневіча, што Майдан у Беларусі немагчымы, прагучалі асабліва актуальна. Яшчэ і таму, што гэтыя вельмі канкрэтныя… пажаданні не зусім упісваліся ў атмасферу свята.
{movie}Міліцыя не дапусціць Майдану|right|15156{/movie}
ІГАР ШУНЕВІЧ, МІНІСТР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ:
“Гатовыя выканаць любую задачу для таго, каб перадухіліць магчымую эскалацыю любога канфлікту, ускладнення сітуацыя як аператыўнай, гэтак і ўнутрыпалітычнай. Для гэтага ёсць ўсе сілы ды сродкі, ёсць воля, уменні і навыкі”.
А паспрыяе і заканадаўства. У Палаце прадстаўнікоў унеслі на разгляд адпаведныя папраўкі ў закон “Аб ваенным становішчы”, дбае кіраўніцтва краіны і пра матэрыяльны складнік. Сёлетні дзяржаўны бюджэт прадугледжвае павелічэнне фінансавання міліцыянтаў ажно на 21 %. А грошай сапраўды трэба вельмі шмат. Беларусь надалей займае першае месца ў свеце паводле колькасці міліцыянтаў у пераліку на душу насельніцтва. Але вось толькі гэта не той выпадак, калі колькасць сведчыць пра якасць, кажа першы ў незалежнай Беларусі генерал-лейтэнант міліцыі. Праваахоўнікі ў нашай краіне ўжо каторы час займаюцца зусім не ўласцівымі ім функцыямі, што не на карысць наўпроставым абавязкам.
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ, ГЕНЕРАЛ-ЛЕЙТЭНАНТ МІЛІЦЫІ:
“Пачынаючы недзе з 1996 года, пасля рэферэндуму, міліцыю пачалі арэндаваць і на палітычныя мэты”.
Вынік – шматлікія выпадкі збіцця і катавання палітычных апанентаў уладаў. Прычым часта службовыя асобы не нясуць за гэта аніякай адказнасці. Ахвярамі ж становяцца не толькі прадстаўнікі апазіцыі, але і звычайныя грамадзяне.
АЛЕГ ГАЙДУКЕВІЧ, БЫЛЫ МІЛІЦЫЯНТ:
“Але я мяркую, што гэта не парок усёй сістэмы, гэта адзінкавыя недахопы асобных службовых асобаў, за якія яны і мусяць несці самае суровае пакаранне, бо міліцыянт мае быць прыкладам ува ўсім для кожнага грамадзяніна краіны”.
Але грамадзяне краіны пакуль не бачаць у міліцыянтах прыкладу. Як паказала леташняе апытанне, давяраюць праваахоўнікам прыблізна 30 % беларусаў. І ў гэтым – таксама віна палітычнае сістэмы, перакананы Анатоль Лябедзька.
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАНЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
“Большасць міліцыянтаў, я думаю, была б з народам, калі б у іх быў выбар. Але сёння, на вялікі жаль, у міліцыянтаў няма гэтага выбару, яны вымушаныя падпарадкоўвацца загадам і мусяць заставацца шрубамі гэтае сістэмы, якая існуе ў Беларусі”.
А ці падзяляюць ацэнку палітыка звычайныя беларусы?
МІНАКІ:
“Яны абараняюць уладаў і самага галоўнага хлопца”.
“Народ беларускі абараняюць”.
“Кожны ў нашай краіне мусіць ганарыцца беларускаю міліцыяй. Я мяркую, што гэта вельмі важнае свята”.
“Напэўна, абараняюць кіраўніка дзяржавы”.
Вось толькі задачы ж міліцыі – зусім у іншым.
МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ, ГЕНЕРАЛ-ЛЕЙТЭНАНТ МІЛІЦЫІ:
“Выконваць закон. І толькі закон, а не розныя ўказанні, загады, зверху. І калі міліцыя будзе кіравацца прынцыпам, што міліцыя для народу, а не народ для міліцыі, то і імідж, і давер вырастуць”.
Пакуль жа міліцыя ніяк не залежыць ад народу, а ацэнкі і справаздачы трымае толькі перад кіраўніком краіны. Указы якога выконваюцца як загад і замяняюць любы закон.
Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu