У гонар княжыча ВКЛ у Горадні частавалі пернікамі, а «святыя» спявалі (фота)


У цэнтры Горадні на вуліцы Савецкай праходзіць выстава-кірмаш народных майстроў «Казюкі-2014».

На яе адкрыцці акторы ў вобразах святых частавалі жыхароў гораду пернікамі ды пірагом, а таксама выконвалі літоўскія, беларускія і польскія народныя песні. Гараджане могуць сустрэць на свяце і святога Казіміра.

Гандлёвыя рады размясціліся ад Палацу тэкстыльнікаў да ўніверсальнай крамы. На кірмашы сабраліся больш за 90 народных умельцаў з Беларусі ды Польшчы. Майстры прэзентавалі працы з дрэва, гліны, саломкі, бісеру, шкла і металу.

Традыцыйны кірмаш народных майстроў «Казюкі» пачаў ладзіцца з XVII стагоддзя ў Вільні. З цягам часу імпрэзу перанялі іншыя гарады Вялікага княства Літоўскага. Кірмаш ладзіцца ў дзень памяці святога Казіміра 4 сакавіка і ў найбліжэйшыя да яго выходныя дні.

Святы Казімір жыў у XV стагоддзі. Малады польскі каралевіч і княжыч Вялікага княства Літоўскага вылучаўся вялікаю пабожнасцю і лагоднасцю. Шляхта ВКЛ дамагалася, каб ён стаў асобным і незалежным ад польскага караля валадаром дзяржавы. Ва ўзросце 26 гадоў Казімір, аднак, памёр у «каралеўскім месце» Горадні на руках свайго бацькі.

Смерць маладога спадкаемца трону выклікала вялікае ўзрушэнне ў Польшчы і ВКЛ. Шляхта княства прапанавала далучыць яго да ліку святых, бо ВКЛ не мела дагэтуль патрона, звязанага з мясцовымі землямі.

Святога Казіміра паважалі рыцары ВКЛ і Польшчы. Паводле легенды, калі ў 1518 годзе маскоўскія войскі ўзялі Полацк у аблогу, каралевіч з’явіўся на воблаку і паказаў літоўскім ваярам брод праз Дзвіну. Рыцары дзякуючы гэтаму паспелі на дапамогу палачанам і прагналі маскоўцаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў