У склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў увайшлі 2 тыс. чалавек


Толькі 6 % чальцоў выбарчых камісіяў вылучылі палітычныя партыі. «Гэтым разам вылучэнне ад палітычных партыяў было мінімальным. Практычна абсалютная большасць іх вылучэнцаў былі ўключаныя ў склад тэрытарыяльных камісіяў», – заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Усяго ўтварыліся 155 тэрытарыяльных камісіяў, у тым ліку 118 раённых, 24 раённыя ў гарадах, шэсць раённых у гарадах абласнога падпарадкавання (Орша, Барысаў, Пінск, Полацк, Наваполацк, Жодзіна), шэсць абласных і Менская гарадская.

20,4 % чальцоў тэрытарыяльных камісіяў – дзяржаўныя службоўцы, 16,5 % – моладзь ва ўзросце да 30 гадоў, 50,6 % – жанчыны.

Сярод уключаных у тэрытарыяльныя камісіі 50 % вылучылі грамадскія аб’яднанні ды палітычныя партыі, 33,5 % – грамадзяне шляхам збору подпісаў, 16,5 % – працоўныя калектывы.

У склад тэрытарыяльных камісіяў уключылі па адным прадстаўніку Беларускай аграрнай партыі (вылучаўся адзін) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (вылучаліся чатыры), два ад Партыі БНФ (7 вылучэнцаў), чатыры ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі (7 вылучэнцаў), пяць прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (36 вылучэнцаў), шэсць чалавек ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (вылучаліся 24 асобы), 14 ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (17 вылучэнцаў) і 87 ад Камуністычнай партыі Беларусі (94 вылучэнцы).

Трэба адзначыць, што сябраў палітычных партыяў у складзе тэрытарыяльных камісіяў больш, бо частка з іх вылучалася шляхам збору подпісаў.

Сярод грамадскіх арганізацыяў найбольшую колькасць сваіх прадстаўнікоў маюць ФПБ (11,7 %), РГА «Белая Русь» (7,4 %), БРСМ (7,1 %), Беларускі саюз жанчын (5,6 %) і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў (4,8 %).

«У цэлым паседжанні выканкамаў і прэзідыумаў Саветаў дэпутатаў па стварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісіяў прайшлі адкрыта, прэтэндэнты на ўключэнне ў іх склад маглі прысутнічаць на іх. Пажаданні грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў былі ўлічаныя», – падкрэсліў Мікалай Лазавік.

belsat.eu

Стужка навінаў