Расейскія памежнікі ды «проста Дзіма» шэсць гадзінаў трымалі беларускага журналіста


Памежнікі пратрымалі беларускіх журналіста і кіроўцу на мяжы шэсць гадзінаў, склалі адміністратыўны пратакол і аштрафавалі на 100 расейскіх рублёў нібыта за парушэнне правілаў знаходжання ў памежнай зоне.

Паўла Міцкевіча і жыхара Гомлю кіроўцу Канстанціна Жукоўскага расейскія памежнікі затрымалі 3 сакавіка ў пункце пропуску «Новыя Юркавічы». На заданне рэдакцыі Міцкевіч рыхтаваў рэпартаж аб жыцці беларускай, украінскай і расейскай вёсак, размешчаных па суседстве, але ў розных дзяржавах. У журналіста і кіроўцы былі ўсе неабходныя дакументы.

Памежнікаў цікавіла, з якой мэтаю наведваў журналіст Украіну, з кім там размаўляў. Працаўнікі памежнай службы скапіявалі ўсе фатаграфіі ды дыктафонныя запісы.

«Нас апытвалі некалькі групаў памежнікаў. Іх цікавіла ўся мая біяграфія: хто мае бацькі, ці ёсць сям’я, дзеці, сябры. Яны перапісалі ўсе кантакты з мабільных тэлефонаў, асабліва іх цікавіў нумар мабільнага майго сябра з Кіева. Прыехалі нейкія людзі ў цывільным, адзін з іх назваўся «проста Дзмітрыем». Ён выпытваў, што нам распавядалі жыхары ўкраінскай вёскі, што мы там бачылі, чулі. Гэтага чалавека цікавіла чамусьці нашае стаўленне да падзеяў ва Украіне. Потым Дзмітрый у цывільным правёў для нас палітінфармацыю, тлумачыў неабходнасць «ратавання» ўкраінцаў ад іх жа саміх», – распавёў Павел Міцкевіч.

Ён дадаў, што пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы, а таксама пры выездзе з Украіны на тэрыторыю Расеі ніякіх праблемаў не ўзнікала.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў