У саракавінах па беларускім герою Майдану шукалі «палітыку»


Сорак дзён таму на Майдане загінуў 26-гадовы гамяльчук Міхаіл Жызнеўскі. У Кіеве з хлопцам, што шэсць гадоў пражыў ва Украіне, развітваліся як з героем. На радзіме ж хавалі ў поцемках пад пільнаю ўвагаю людзей у цывільным. І цяпер, на саракавіны, міліцыя дашуквалася палітычных акцэнтаў у памінальных урачыстасцях.

Любімая песня Міхаіла Жызнеўскага – “Плыне кача”, у якой сын просіць прабачэння ў маці за тое, што загінуў на чужой зямлі, стала для яго прарочаю. А пасля зрабілася памінальнаю па ўсіх забітых у сутычках. Калі за свабоду Украіны загінуў беларус, пачуццяў не стрымлівалі нават дактары на Майдане.

{movie} Саракавіны па Жызнеўскім|right|15130{/movie}

АЛЕГ МУСІЙ, КААРДЫНАТАР МЕДСЛУЖБЫ МАЙДАНУ:

“Я хачу падзякаваць беларускім актывістам, беларускаму народу за тое, што яны выхавалі такога годнага сына, што бараніў Украіну”.



На Майдане Жызнеўскі быў у шэрагах самаабароны. Між іншага, ён спрабаваў прадухіліць правакацыі супраць жаўнераў унутраных войскаў. На развітанне з ім у Кіеве прыйшлі дзясяткі тысячаў чалавек. У той дзень яму споўнілася б 26 гадоў. А так яго хавалі на радзіме – у поцемках, пад наглядам людзей у цывільным. Міліцыя нават цяпер, на саракавіны, не дае спакою блізкім забітага.

НАТАЛЛЯ ЖЫЗНЕЎСКАЯ, СЯСТРА ЗАБІТАГА:

“Літаральна ўчора патэлефанавалі, сказалі, што міліцыя па ўсіх сталовых шарыцца, шукаюць, дзе мы будзем ладзіць памінальны абед. Нібыта гэта “палітычная справа”. Аднаго не разумею – сорак дзён, якая ж гэта палітычная справа?”



Бацька забітага дагэтуль у шоку ад такога стаўлення ўладаў. Асабліва пасля таго, як пабачыў, як праводзілі ягонага сына ў Кіеве. І даведаўся, што радыкальная правая ўкраінская партыя УНА-УНСО, чальцом якой быў Жызнеўскі, дамагаецца надання яму звання героя Украіны.

МІХАІЛ ЖЫЗНЕЎСКІ, БАЦЬКА ЗАБІТАГА:

“Колькі мы ішлі ад храму да Майдану, неслі на плячах яго хлопцы. Не хацелі мяняцца. Стаміліся, ужо відаць было. Я кажу: змяніце. Я за труною ішоў са сваімі. Яны не хацелі мяняцца, хоць і стомленыя былі. Усе лічылі за гонар”.



Тыя першыя смерці на Майдане толькі на некалькі тыдняў спынілі кровапраліцце. Супрацьстаянне 18–20 лютага забрала жыцці дзясяткаў чалавек.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў