Кастрычніцкі раённы аддзел Следчага камітэту завершыў расследаванне крымінальнай справы супраць двух палітвязняў – 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. Пра гэта паведамляе сайт СК.
Паводле следства, «6 верасня 18-гадовыя хлопец і дзяўчына прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням працаўнікоў міліцыі, а таксама пацягнула парушэнне работы грамадскага транспарту».
«Разам з нявызначанымі асобамі яны пашкодзілі спецсродак шляхам нанясення балончыкамі з фарбай розных надпісаў і не рэагавалі на законныя патрабаванні працаўнікоў органаў унутраных справаў аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў», – адзначаецца ў прэс-рэлізе СК.
Ужо падчас расследавання справы Сафіі Малашэвіч выставілі дадатковае абвінавачванне ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі падчас адной са жнівеньскіх акцыяў пратэсту. Паводле СК, яна выйшла на акцыі яна прадэманстравала плакат «з надпісам, які змяшчае негатыўную ацэнку, выяўленую ў непрыстойнай форме». Якое канкрэтна слова напісала на плакаце дзяўчына – невядома.
Па выніку Сафіі Малашэвіч выставілі абвінавачванне паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.2 арт.339 (злоснае хуліганства) і ч.1 ст.368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Ціхану Клюкачу выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 і 339. Абодва знаходзяцца пад вартай.
Ціхана Клюкача і Сафію Малашэвіча 17 снежня праваабаронцы прызналі палітвязнямі і заклікалі ўлады іх вызваліць.
«Як вынікае з прад’яўленага абвінавачвання адзінай віной Сафіі і Ціхана з’яўляецца тое, што яны прымалі ўдзел у несанкцыянаваным уладамі мірным сходзе, удзельнікі якога пратэставалі супраць вынікаў выбараў: выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, рухаліся не толькі па ходніках, але і па праезнай частцы пр. Пераможцаў. Такім чынам, яны не здзяйснялі ніякіх дзеянняў, якія б маглі быць расцэненыя ў кантэксце дапушчальных абмежаванняў свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання», – адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.
Што тычацца надпісаў і малюнкаў фарбай на шчытах агароджы, то гэтыя дзеянні нельга лічыць хуліганствам і яны не маглі нанесці пашкоджанні спецтэхніцы, падкрэсліваюць праваабаронцы.
У сувязі з пратэстамі ў Беларусі было распачата больш за 900 крымінальных справаў. 160 фігурантаў гэтых справаў ужо прызнаныя палітвязнямі.
ІІ belsat.eu