18 гадоў таму бясследна знік аператар Дзмітрый Завадскі


Аператар расейскага тэлеканалу ОРТ Дзмітрый Завадскі знік без вестак 7 ліпеня 2000 году. Ягоны аўтамабіль знайшлі на паркоўцы ў аэрапорце «Менск-2».

У 1994-1997 гг. Завадскі працаваў асабістым аператарам Лукашэнкі.

У 1997 годзе разам з журналістам Паўлам Шараметам ён зняў сюжэт пра пусты пункт на мяжы з Літвой. Пасля выхаду матэрыялу ў эфір, журналістаў затрымалі за незаконны пераход мяжы. У сувязі з затрыманнем журналістаў паэт Славамір Адамовіч публічна зашыў сабе рот як сімвал задушэння свабоды слова. Ельцын, які на той момант быў прэзідэнтам Расеі, асабіста патрабаваў вызвалення Завадскага і Шарамета. «Amnesty International» прызнала Завадскага вязнем сумлення.

У выкраданні Завадскага абвінавацілі афіцэраў спецпадраздзялення «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка. Яны атрымалі пажыццёвае зняволенне. Курсанту Акадэміі МУС Аляксею Гузу далі 25 гадоў пазбаўлення волі, а Сяргея Савушкіна асудзілі на 12 гадоў.

Дзмітрый працаваў у Чачэніі над здымкамі дакументальнай стужкі, дзе згадваліся беларусы на баку баевікоў. Следства назвала гэта асноўным матывам выкрадання Завадскага. Нібыта Валеры Ігнатовіч, які ўдзельнічаў у вайсковых дзеяннях на тэрыторыі Чачэніі, такім чынам адпомсціў Завадскаму.

Нягледзячы на тое, што нібыта 4 чалавекі прызнаныя вінаватымі, незалежнае следства мяркуе, што за выкраданнем Завадскага, як і за знікненнямі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, стаяць больш уплывовыя асобы: тагачасны дзяржакратар Савету бяспекі Віктар Шэйман, былы міністар унутраных справаў Юрый Сівакоў і экс-камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка.

Фільм «Белсату» «Банда» пра знікненне Дзмітрыя Завадскага і лідараў апазіцыі

Справу Завадскага прыпынілі 10 гадоў таму, цела дагэтуль не знойдзенае.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў