«Стрэл з сігнальнага пісталета – сігнал для пераходу». Польскі жаўнер аб дзейнасці беларускіх службаў

Беларускі рэжым ад самага пачатку кантралюе міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай. Паводле мігрантаў, менавіта супрацоўнікі спецслужбаў вядуць іх праз лясы, інструктуюць, як пераходзіць мяжу, а неахвотных прымушаюць да гэтага сілай. Пра метады беларускіх службаў «Белсат» паразмаўляў з вайскоўцам 12-й Шчэцінскай механізаванай дывізіі (імя і прозвішча суразмоўцы ёсць у рэдакцыі), які з кастрычніка ахоўваў мяжу пад Шудзяловам.

Больш за 12 тыс. салдат служыць у дадзены момант ля польска-беларускай мяжы. Сярод іх прадстаўнікі тэрытарыяльных войск. З панядзелка, 8 лістапада, да неадкладнага з’яўлення ў падраздзяленнях знаходзіцца каля 8 тыс. салдатаў. У Шудзялове, напрыклад, дыслакуюцца прафесійныя салдаты з 12-й механізаванай брыгады, а таксама знаходзіцца 16-я Паморская механізаваная дывізія, салдаты якой яны нясуць службу на мяжы. Шудзялова, Польшча. 10 лістапада 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

– Памежная ахова, паліцыя і Міністэрства нацыянальнай абароны амаль кожны дзень паведамляюць аб далейшых спробах фарсіраваць мяжу з боку Беларусі. На запісах відаць як агрэсіўных, так і цалкам пасіўных удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў, часам таксама беларусаў у форме. Як гэта выглядае з пункту гледжання вайскоўцаў, якія ахоўваюць мяжу?

– Спачатку мы атрымліваем сігналы ад нашай разведкі, што на «паласе» (частцы памежнай дарогі – заўв. «Белсат») можа нешта адбыцца. Затым уводзім стан высокай гатоўнасці. Напрыклад, учора беларускія службы везлі мігрантаў з лагераў на грузавіках, значыць, магло нешта здарыцца. Часам здараецца, што яны круцяцца каля сеткі, таму трэба быць пільнымі, бо, магчыма, будзе спроба пераходу мяжы.

Стаць уцекачом у Беларусі і пазбегнуць дэпартацыі. Галоўныя пытанні аб міграцыйнай палітыцы Менску

– Як выглядае такая спроба?

– Нядаўна ў мяне было так: пайшоў да хлопцаў на каву. Быў ужо ў пастарунку, але ўзгадаў, што забыў кубак, і мусіў вярнуцца. Цягам прыблізна пяці хвілінаў я два разы прайшоў праз адно і тое ж месца. І за гэты час беларускі вайсковец паспеў падпаўзці і пачаць рэзаць сетку. Ён ужо парэзаў першую агароджу і ўзяўся за калючы дрот. Я схапіў зброю, падышоў да плота, а ён – у кусты! А там яшчэ дзесяць сядзелі, усе ў чорным.

Гэтым і займаюцца беларускія службы: робяць праходы ў агароджы, праз якія потым прапускаюць мігрантаў.

– Што вы робіце, калі бачыце, як беларускі спецслужбовец нішчыць калючы дрот?

– Яны добра ведаюць, што яны беспакараныя, пакуль знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. Пакуль яны не пераходзяць мяжу, мы нічога не можам ім зрабіць. Яны не дурныя, ведаюць свае правы, таму не заходзяць на нашу тэрыторыю, а толькі робяць дзіркі і ганяюць праз іх мігрантаў, а самі застаюцца ў Беларусі.

Шудзялова, Польшча. 10 лістапада 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

– Акрамя такіх «ціхіх» спробаў перасячэння, ці сутыкаліся вы з сілавым фарсіраваннем мяжы?

– Я бачыў некалькі спробаў перайсці мяжу, але такую адкрытую бойку ля сеткі пакуль не. Але нам казалі звяртаць увагу на падобныя сітуацыі: у адным месцы мігранты ўчыняюць вэрхал, туды сцягваюць нашых, а літаральна праз 50 метраў беларускі вайсковец ці мігрант рэжа агароджу, і праз дзірку праходзіць група, што хавалася ў лесе.

– Такія пераходы за вашымі спінамі, падчас адцягваючых дзеянняў, часта здараюцца?

– На тэрыторыі майго батальёна практычна не. Мы чулі, што ў іх ёсць разведчыкі. І калі мы актыўныя, шмат патрулюем, ліхтарыкамі свецім, то спробаў перасячы мяжу няма. Але там, дзе жаўнеры не ўспрымаюць сітуацыю ўсур’ёз, можа быць кепска. Я чуў пра выпадак, калі вартаўнік заснуў на пастарунку, яму прарэзалі дзірку ў сетцы шырынёй з грузавік, і там прайшлі трыццаць чалавек. Потым лавілі іх па лясах…

– Пасля таго, як польскія ўлады пагражалі закрыць межы для грузавога транспарту, беларускія службы ліквідавалі лагер каля Кузніцы. Ці на вашым участку мігранты працягваюць зʼяўляцца ўдзень на мяжы?

– Калі снегу яшчэ не было, то іх хадзіла нават шмат. Былі і дзеці, і жанчыны. Але ў асноўным мужчыны. Аднак з надыходам маразоў іх практычна не засталося.

Мігрантам правяраюць тэмпературу ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года. Фота: Ян Марэцкі / Streenger

– З вамі спрабавалі пагаварыць?

– Так, часта. Аднойчы да майго сябра прыйшоў адзін такі на пастарунак паразмаўляць. Ён сказаў, што беларускія жаўнеры – «bad people», што яны бʼюць людзей, што ён хацеў бы прайсці або вярнуцца дадому. Звычайны, добры хлопец. Але такіх вельмі мала, можа, адна дзясятая адсотку.

А яшчэ ёсць персанаж, якога мы некалькі разоў лавілі на сваім баку. Аднойчы, калі мы везлі яго на мяжу, ён на ламанай польскай сказаў: «Да сустрэчы». Праз два дні мы зноў злавілі яго ў Шудзялове з групай мігрантаў. Так што гэта быў відавочны кантрабандыст.

Мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года. Фота: Ян Марэцкі / Streenger

– У інтэрнэце можна знайсці запісы, апублікаваныя ў тым ліку курдамі, з якіх бачна, што іх суправаджаюць або інструктуюць беларускія спецслужбоўцы. Ці назіралі вы такія сітуацыі?

– З таго боку стаіць беларускі жаўнер, які імі кіруе. Ён кіруе гэтым разразаннем сеткі, прапіхваннем мігрантаў. Усё арганізавана, і гэта бачна.

Я размаўляў з сябрам, які канваяваў іх ужо з нашага боку. Мігранты распавялі яму, што беларусы аддаюць ім загады з сігнальных пісталетаў. Калі яны страляюць чырвонай ракетай, гэта сігнал да пераходу, а белае святло азначае нешта іншае.

Некаторымі мігрантамі яны камандуюць, астатніх гоняць. У Кузніцы было столькі людзей не таму, што яны хацелі там быць, а таму, што за імі стаяў кардон беларускіх жаўнераў, якія не адпускалі іх і прымушалі прыціскацца да агароджы.

– Вы ведаеце, якое беларускае фармаванне кіруе мігрантамі? Можаце пазнаць іх па форме?

– Не, бо яны ў цывільным.

– Вы часта бачыце беларусаў?

– Так. У нас ёсць Памежная Служба, а ў іх свае памежныя войскі. І гэтыя памежнікі рэгулярна патрулююць мяжу. Толькі яны тут і нармальныя. Часам махнуць рукой, скажуць «Hello!» і пойдуць далей. Не відаць, што яны неяк варожыя да нас. Як і мы, яны хочуць нармальна выконваць сваю працу. Адно што мы сюды прыехалі, а яны тут працуюць стала.

– Многія, напэўна, бачылі запісы, на якіх падчас фарсіравання мяжы беларускія спецслужбоўцы выкарыстоўвалі лазеры і петарды супраць палякаў. У Кузніцы ў вас таксама ляцелі шумавыя гранаты. Ці былі ў Шудзялове сітуацыі, калі беларускія жаўнеры ўяўлялі для вас пагрозу?

– Учора ўночы, днём раней і ў папярэднюю ноч я чуў стрэлы. Ужо сцямнела, і ўдалечыні пачуўся стрэл. Цяжка сказаць, былі гэта халастыя або баявыя патроны, але гэта быў стрэл са зброі. Я дакладна магу гаварыць толькі пра свой адрэзак мяжы, які даволі спакойны. Але я ведаю, што ёсць адрэзкі, на якіх адбываецца значна больш.

  • Крызіс на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй працягваецца з канца траўня. У адказ на чацвёрты пакет санкцый ЕЗ беларускія ўлады арганізавалі трафік нерэгулярных мігрантаў з Афрыкі і Блізкага Усходу (у асноўным курдаў), якім абяцаўся лёгкі шлях у ЕЗ.
  • Улады Варшавы, Вільні і Рыгі расцэньваюць штучна выкліканы міграцыйны крызіс як гібрыдную агрэсію.
  • У цяперашні час Ірак эвакуюе сваіх грамадзян, якія жадаюць пакінуць Беларусь. Улады аўтаномнага Іракскага Курдыстана адкрыта кажуць, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваў курдаў у палітычных мэтах і лічаць гэта злачынствам.

Чытайце таксама:

ПЯ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны