Шараговец Чэчка. Факты і міфы

Навічок у польскім войску, ён зарабляў больш, чым беларускія афіцэры, і ў любы момант мог звольніцца.

Як падаюць гісторыю польскага жаўнера 11-га Мазурскага артылерыйскага палка Эміля Чэчкі беларускія дзяржаўныя СМІ? Маўляў, польскі жаўнер, наглядзеўся жахаў на польска-беларускім памежжы, не вытрымаў псіхалагічнага ціску і праз калючы дрот наважыўся збегчы з «аўтарытарнай Польшчы» ў «дэмакратычную Беларусь»… Вось толькі няясна: навошта было ўцякаць – калі можна было ў любы момант падаць рапарт і звольніцца са службы?

Hавiны
«Смажыў каўбасу на вогнішчы». БТ паказала дзіўны фрагмент размовы з польскім дэзерцірам
2021.12.17 16:31

У Польшчы няма тэрміновай вайсковай службы, нікога не прымушаюць «бараніць айчыну». Палякі ідуць у войска добраахвотна. Гэта складаная працэдура, не кожнага бяруць – і таму гэта прэстыжна. Дарэчы, артыкул 114 «Закону аб вайсковай службе прафесійных жаўнераў» выразна прапісвае працэдуру звальнення кантрактніка. Кожны жаўнер мае права падаць рапарт без тлумачэння прычынаў. Паводле закону, жаўнер можа гэта зрабіць за шэсць месяцаў да звальнення, але на ягонае жаданне кіраўніцтва вайсковай часці можа гэты тэрмін скараціць, напрыклад, да аднаго месяца. Сілай тут ніхто жаўнера, які не хоча служыць, не трымае. Акрамя гэтага, вайсковец мае права перайсці на ўласнае жаданне ў іншую часць, але не часцей, чым раз на тры гады. Менавіта таму і няясна, чаму 25-гадовы жаўнер не выкарыстаў гэтых магчымасцяў, а выбраў дэзерцірства, за якое ў Польшчы пагражае да 10 гадоў турмы. Польскі ж міністр абароны Мар’юш Блашчак кажа, што жаўнер меў праблемы з законам і ўвогуле напісаў рапарт аб сваім звальненні. Некалькі афіцэраў ужо страцілі пасады. Але з публікацыяў польскіх СМІ вынікае, што гэтыя праблемы з законам не былі настолькі сур’ёзнымі, каб праз іх уцякаць за мяжу, ды яшчэ падчас кантрактнай службы.

Польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю. 13 снежня 2021 года.
Фота: Straż Graniczna / Twitter

Таксама карысна ўяўляць, што губляе польскі жаўнер, які пакідае службу. Пра гэта не напішуць дзяржаўныя беларускія СМІ, а было б варта. Шараговец Чэчка ў войску толькі з 2018 года, таму, бадай, зарабляў найменшую стаўку для навічкоў – 4110 злотых, на рукі каля 3000 злотых (1875 рублёў). Акрамя гэтага, паводле пастановы міністра абароны, за кожны дзень службы на мяжы даплачваюць 45 злотых (28 рублёў). Заробкі ў польскім войску вагаюцца ў залежнасці ад звання, стажу і досведу. Сярэдні заробак кантрактніка складае 6154 злотых (3800 рублёў), палкоўнік зарабляе ад 8300 да 9600 злотых (5100–6000 рублёў), генерал – 16 830 злотых (больш за 10 000 рублёў).

Гэта адкрытая інфармацыя, яе ў Польшчы ніхто не хавае. Кожны паляк ведае, колькі зарабляюць вайскоўцы, чыноўнікі, палітыкі. У Беларусі ж гэта «дзяржаўная таямніца». У чэрвені onliner.by расказаў гісторыю падпалкоўніка Алега, які пасля трынаццаці гадоў службы зарабляе 1581 рублёў на месяц.

Дакладныя матывы ўчынку шарагоўца Чэчкі невядомыя. Паводле польскіх СМІ, Варшава правярае ў тым ліку і версію яго магчымай супрацы з беларускімі спецслужбамі.

Інтэрв’ю
«Стрэл з сігнальнага пісталета – сігнал для пераходу». Польскі жаўнер аб дзейнасці беларускіх службаў
2021.12.18 13:43

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў