Праз крызісныя з'явы і палітычны крызіс у Беларусі распачалася спажывецкая дэпрэсія


Афіцыйная статыстыка ў справе фінансаў грамадзянаў і спажывецкага попыту супярэчыць сама сабе. З аднаго боку паведамляецца пра рост прыбыткаў і заробкаў беларусаў. Але гэты рост практычна не адлюстраваўся на росце раздробнага гандлю, які за бягучы год вырас крыху болей на 1 %. Чытачы «Белсату» паведамляюць пра імклівы рост коштаў, а прадаўцы пачынаюць працаваць у рэжыме будучага дэфіцыту.

Прадукты першай неабходнасці. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Па выніках студзеня-лістапада бягучага году раздробны гандаль у Беларусі вырас на 1,3 %. За гэты перыяд, паводле афіцыйнай статыстыкі, на харчовыя тавары рост попыту склаў 1,9 %, а на нехарчовыя – 0,7 %. Аптовы гандаль у Беларусі за першыя 11 месяцаў вырас на 4,9 %. Таваразварот грамадскага харчавання ў грашовым вымярэнні склаў 2897,5 млн рублёў і вырас з пачатку году да лістапада на 114,5 %

Аптовы гандаль у Беларусі, кажа акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова, звязаны не толькі з спажывецкім рынкам у краіне, але таксама і з экспартам. Таму той рост, які мы бачым у статыстыцы адлюстроўвае ў першую чаргу рост экспарту, які мы назіраем.

«Рост экспарту склаў нават да 30 %, таму дзіўна, аптовы гандаль вырас усяго толькі на некалькі адсоткаў», – кажа Кацярына Барнукова.

Спажывецкая дэпрэсія

А вось сітуацыя з раздробным гандлем, паводле Кацярыны Барнуковай, з’яўляецца даволі паказальнай. І прычын тут некалькі.

«Рэальныя прыбыткі насельніцтва, рэальныя заробкі ў краіне выраслі нашмат болей, чым тыя 1,5 %, на якія вырас гандаль. І гэта значыць, што людзі не павышаюць сваё спажыванне, нягледзячы на рост прыбыткаў. І гэта можа азначаць розныя рэчы», – кажа эканаміст.

Паводле словаў эксперта, прыбыткі беларусаў за бягучы год выраслі нават да 5 %. Але ж за гэты час інфляцыя вырасла нашмат болей, чым адлюстравана ў афіцыйнай статыстыцы. І рост коштаў таксама апынуўся большым, чым адсотак, на які выраслі прыбыткі беларусаў.

«Другі ж момант, які мог паўплываць на невялікі рост раздробнага гандлю – гэта тое, што эканамічныя чаканні ў людзей могуць быць не на вышыні. Адпаведна, людзі чакаюць эканамічнага крызісу, нягледзячы на тое, што гаспадарка даволі паспяховая цяпер. У сувязі з палітычным крызісам, рэпрэсіямі, людзі проста нарошчваюць свае зберажэнні, замест таго, каб выдаткаваць свае дадатковыя прыбыткі».

Такая з’ява, якую цяпер назіраем у краіне, называецца спажывецкая дэпрэсія, кажа эксперт.

Hавiны
Рэцэсія, адставанне ад суседзяў і збядненне: перспектывы Беларусі пры існай уладзе
2021.10.17 17:29

Санкцыі і контрсанкцыі

Тым часам чытачы «Белсату» звяртаюць увагу, што ў крамах знікаюць некаторыя заходнія тавары.

«Набываў раней корм для коткі, быў у наяўнасці такі добры і вельмі танны чэшскі тавар. Але раптоўна ён знік. У краме сказалі, што знік праз санкцыі. Але таксама паабяцалі, што неўзабаве ізноў з’явіцца, маўляў, існуюць магчымасці абмінаць гэтыя санкцыі. Але адчуваю, што кошт на гэты тавар значна вырасце», – кажуць чытачы «Белсату».

На некаторыя пазіцыі тавараў з Еўропы ўжо кошты выраслі амаль у два разы. Таксама беларусы паведамляюць пра істотны рост менавіта расейскай вытворчасці тавараў. Вядзецца пра гародніну, слодычы. Некаторыя тавары не толькі падаражэлі, але і агулам якасць іх моцна знізілася, лічаць нашыя чытачы.

«У пазамінулы тыдзень набываў цыгарэты, браў адразу ж блок, каб не хадзіць штодня ў краму. Кошт за 10 пачак склаў 40 рублёў. А роўна праз тыдзень за гэтыя ж цыгарэты заплаціў 41 рубель. Прычым, як мне падалося, якасць тытуню значна змянілася ў горшы бок», – скардзіцца чытач «Белсату».

Hавiны
Санкцыі, цэны і Канстытуцыя. Што чакае Беларусь і беларусаў у снежні
2021.11.30 19:01

І тут прычына гэтых з’яўваў менавіта ў плашчыні санкцыяў краінаў Захаду, кажа Кацярына Барнукова.

«Што тычыцца тытуню, то мы бачылі і чулі, што кампанія «British American Tobacco» («BAT») перастане пастаўляць сыравіну для беларускіх тытунёвых фабрык. Таму ў гэтым сегменце будуць расці кошты, што звязана з пераходам на больш дарагую сыравіну. Санкцыі часта не дзейнічаюць цалкам на забарону, але ўтрымліваюць транзакцыйныя выдаткі, адпаведна, гэта прыводзіць да росту коштаў. І зусім не дзіўна, што мы назіраем павелічэнне коштаў у крамах».

Адлюструюцца на гаманцах грамадзянаў краіны і так званыя «контрсанкцыі», пра якія заявіў беларускі ўрад.

«Што да контрсанкцыяў, то яны запрацуюць з 1 студзеня. І я не здзіўлюся, калі кошты на санкцыйныя тавары пачнуць расці ўжо цяпер, паколькі можа ўзнікаць адчуванне ў будучыні дэфіцыту. Але я лічу, што наўрад ці гэтыя тавары знікнуць з паліцаў у адзін момант. Хутчэй за ўсё імпарцёры будуць імкнуцца стварыць запасы, каб забяспечыць сабе час на пошук альтэрнатыўных паставак. Таму ў снежні мы ўвязем тавараў нашмат болей, чым звычайна», – кажа Кацярына Барнукова.

Hавiны
Пад «контрсанкцыі» ў Беларусі трапілі вітаміны і харчовыя дадаткі
2021.12.18 08:49

АА belsat.eu

Стужка навінаў