«Пік звальненняў іншадумцаў яшчэ наперадзе». Што адбываецца сёння ў беларускай культуры?


Цягам апошняга года за іншадумства з інстытуцыяў культуры ды адукацыі ў Беларусі звольнілі больш за сто чалавек. Паводле экспертаў, гэты лік рэзка павялічыцца ў пачатку 2022 года. Якія ўстановы найбольш пацярпелі? Ці можна называць тое, што адбываецца, рэпрэсіямі? Наколькі адчувальныя страты нясе беларуская культура і што яе далей чакае? Паразмаўлялі пра гэта са звольненымі ды экспертамі.

«Калі звальнялі, запыталі, як я гляджу на дамову падраду ў будучыні»

З артыстам найвышэйшай катэгорыі камернага хору Дзянісам Івановым Беларуская дзяржаўная філармонія не працягнула кантракту. 29 жніўня ў мужчыны быў апошні працоўны дзень. Дзяніс прапрацаваў ва ўстанове 10 гадоў, мае некалькі падзяк ад Міністэрства культуры за высокія творчыя дасягненні.

Музычная акцыя на падтрыманне пратэстоўцаў з удзелам музыкаў з розных калектываў Менску. 17 жніўня 2020 г. Філармонія, Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Самае цікавае, што калі мяне звальнялі, то запыталі: а як вы глядзіце на тое, каб у будучыні заключаць з намі дамовы падраду? – распавядае спявак. – Мне адкрытым тэкстам казалі, што не хацелі б мяне звальняць, я адчуваў моцную падтрымку ад калег з філармоніі. Аднак кантракту не працягнулі».

Дзяніса тройчы затрымлівалі. Першы раз мужчына адседзеў 15 содняў у лістападзе 2020-га. Затрымалі тады мужчыну на працы.

25 студзеня сёлета па артыста зноў прыйшлі наўпрост у філармонію. Тыдзень пратрымалі на Акрэсціна, справу тройчы адпраўлялі на дапрацоўванне. У кожнай справе абвінавачанне рассыпалася. У выніку спевака адпусцілі.

У чэрвені па Дзяніса зноў прыйшлі ў філармонію – выклікалі ў аддзел кадраў, дзе ўжо чакалі сілавікі. Абвінавацілі ў тым, што спяваў падчас акцыі на Камароўскім рынку. Аднак даказаць прысутнасць артыста на рынку не ўдалося, таму яго асудзілі за супраціў міліцыянтам. 9 содняў спявак адседзеў на Акрэсціна, яшчэ 6 – у склепе турмы ў Баранавічах.

«Вось там былі насамрэч нялюдскія ўмовы: нават улетку тэмпература ўдзень не перавышала недзе + 10, а ўначы апускалася да +3. Гэта былі 6 содняў пекла», – згадвае Дзяніс.

Гісторыі
«Калегі не змаглі ахвяраваць куском хлеба, які нам і так кідаюць як сабакам». Сям’я тэатралаў – пра свае расчараванні
2021.03.27 12:40

Цяпер Дзяніс разумее, што ў дзяржаўную культурніцкую ўстанову ў Беларусі яму больш пры гэтым рэжыме не ўладкавацца. Але акрамя музычнай адукацыі, Дзяніс мае яшчэ адну – кандытара, і кажа, што гэтая спецыяльнасць яго цяпер і корміць. У музыку вернецца пры наяўнасці добрых прапановаў.

Кіраўніцтва філармоніі выдае работнікаў сілавікам

Музыка, спявак, этнограф Сяржук Доўгушаў у 2010–2018 гадах працаваў у філармоніі. Тры гады таму яго змусілі звольніцца: прапанавалі абраць – звальненне паводле артыкулу ці на згоду бакоў.

«Ім даўно не падабалася мая актыўнасць, і спачатку мяне папярэджвалі: маўляў, ты вось там «засвяціўся», і там, можам і не працягнуць кантракту, – прыгадвае Сяржук. – А потым я «засвяціўся» на Дні Волі, і кіраўніцтва знайшло, да чаго прычапіцца. Закідалі мне, што я не прыйшоў на працу ў суботу, маўляў, афіцыйна ж працуем. І паставілі перад выбарам: ці звальняем за прагулы, ці пісаць па ўласным жаданні».

Музычная акцыя на падтрыманне пратэстоўцаў з удзелам музыкаў з розных калектываў Менску. Філармонія, Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Паводле музыкі, у 2017–18 гадах з філармоніі звольнілі даволі шмат людзей, але тады гэта не афішавалася так, як цяпер. Паводле гэтай жа схемы дзеюць і сёння, кажа наш суразмоўца.

«Не працягваюць кантрактаў, як, напрыклад, у канцы кастрычніка з кампазітаркаю Ларысаю Сімаковіч, – тлумачыць Сяржук. – Ці спакойна выдаюць сваіх супрацоўнікаў сілавікам. Тыя прыходзяць, кажуць, што патрэбны такі і такі, артыста выклікаюць у кабінет, дзе арыштоўваюць і адпраўляюць на 15 содняў. А пасля звальняюць. Як, напрыклад, было з салістам камернага хору Дзянісам Івановым, які «засвяціўся», калі спявалі ля філармоніі на знак пратэсту супраць гвалту».

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

«Калі ты баішся слова сказаць, каб не апынуцца ў турме, пра якую творчасць мова?»

Сяржук Доўгушаў лічыць, што колькі б цяпер ні звольнілі супрацоўнікаў, у тым ліку з філармоніі, гэта вялікія страты для беларускай культуры.

«Нават калі я там працаваў яшчэ, сапраўдных спецыялістаў было не так шмат, – кажа музыка. – Гэта проста – звольніць дырыжора ці музыку, але дзе потым знайсці такога ж прафесіянала?»

Тыя, каго звальняюць, змяняюць кірунак працы, ідуць у іншыя сферы. Шмат хто з’язджае, кажа Сяржук. Вымушаныя эмігранты надоечы стварылі ў Варшаве Дом творцаў, што прымае на рэзідэнцыю працаўнікоў культуры, якім давялося ўцякаць ад пераследу.

Інтэрв’ю
«Можа, не ў гэты будынак, але мы вернемся». Купалаўцы пра сыход з тэатру і адказ уладам
2020.08.31 09:57

«Мы збіраем найлепшых беларускіх творцаў. У Доме яны могуць жыць, займацца рознымі кірункамі творчасці, – распавядае музыка. – У пачатку снежня мы запусцілі першую рэзідэнцыю – музычную. Цягам яе творцы ходзяць на розныя цікавыя майстар-класы, адпачываюць ад стрэсу, а адначасова пішуць музыку. Мы ствараем бяспечныя ўмовы, магчымасць рэабілітацыі для творцаў, бо калі цябе прэсуюць і ты баішся нават слова сказаць, каб не апынуцца ў турме, то пра якую творчасць гаворка?»

Паводле Сержука, у Беларусі цяпер яшчэ неяк дыхае традыцыйная культура: сярод беларусаў працягваюць жыць абрады, традыцыі, спяваюцца народныя песні. Акадэмічны ж кірунак вельмі пакутуе, а таксама рок-, поп-, альтэрнатыўныя выканаўцы – вельмі шмат хто з іх быў вымушаны з’ехаць, а некаторыя трапілі за краты, як музыкі з гурта «Irdorath».

«Культура ажыве, як толькі будзе свабода»

Аднак Сяржук Доўгушаў бачыць і пазітыўныя бакі ў тым, што адбываецца цяпер у культуры ў Беларусі. Паводле музыкі, чым хутчэй разбурыцца старая сістэма, тым хутчэй можна будзе пачаць будаваць наноў.

«Яшчэ калі на мяне ціснулі, я казаў: навошта мне такая філармонія? Я сам сабе філармонія, захачу – ствару сваю. Навошта мне хадзіць да іх штодня, распісвацца ў нейкіх журнальчыках, выступаць пад прымусам на дзяржаўных канцэртах? – пытаецца музыка. – Там дасюль «саўковыя» падыходы, якія трэба змяняць. Напрыклад, калі я працаваў, у нас былі брыгады. Я быў у першай брыгадзе. У філармоніі. Перажыткі СССР, з ідэолагамі і зачысткамі. Дык і няхай сабе руйнуецца. А нашая задача цяпер – захаваць людзей, даць ім магчымасць далей ствараць».

Дом творцаў у Варшаве чакае ўсіх творчых людзей, кажа Сяржук. Пасля музычнай рэзідэнцыі будзе тэатральная – для актораў, рэжысёраў, драматургаў. Далей – літаратурная.

Доўгушаў упэўнены, што як толькі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, творцы вернуцца на радзіму.

«Усё хутка адновіцца, і яшчэ лепшым будзе. Калі будуць адкрытыя межы, запрацуюць стыпендыяльныя праграмы, з’явіцца фінансаванне культуры, да нас не толькі свае вернуцца, але і еўрапейскія творцы паедуць, – кажа Сяргей. – Культура ажыве, як толькі будзе свабода, бо гэта – самае галоўнае для творчасці».

«Дзяржава выступае як рэкецір»

Адсочвае пераслед за погляды ва ўстановах культуры Беларускі ПЭН-цэнтр. Паводле старшыні арганізацыі Таццяны Нядбай, колькасць звольненых «за нелаяльнасць» спецыялістаў ужо перасягнула сотню асобаў, аднак наперадзе яшчэ большая хваля звальненняў. Яна прыпадзе на пачатак 2022 года. Пры гэтым, зазначае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, для грамадства пакуль маштаб рэпрэсіяў не вельмі заўважны, бо яны маюць схаваны характар, а звольненыя далёка не заўсёды хочуць агалоскі сітуацыі. Таму Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае пацярпелых беларусаў распавядаць свае гісторыі.

«Мы не будзем без згоды людзей нічога публікаваць, аднак нам гэта дапаможа лепш разумець і больш якасна ацэньваць сітуацыю ў культуры», – зазначае Таццяна.

Таццяна Нядбай, намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру. Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле артыкулу нелаяльных звальняюць рэдка, заўважае суразмоўца. Часцей з работнікамі проста не працягваюць кантракту ці прапаноўваюць напісаць заяву на згоду бакоў.

«У выпадку адмовы чалавеку могуць пагражаць звальненнем паводле артыкулу ці нават арыштам, таму найчасцей нічога не застаецца, як напісаць гэтую заяву, – кажа Таццяна Нядбай. – У тым ліку таму рэпрэсіі носяць схаваны характар, бо фармальна ўсё нібыта паводле згоды і закону».

Таццяна падкрэслівае: такія чысткі працоўных калектываў – гэта не што іншае, як рэпрэсіі, бо чалавека выкідаюць з працы за меркаванне, адрознае ад афіцыйнай пазіцыі дзяржавы, і ў іншай сітуацыі гэты чалавек заставаўся б на працы. Акрамя таго, рэжым маніпулюе паняткам лаяльнасці да дзяржавы.

«Гэта парушэнне правоў на працу і свабоду выказвання, – зазначае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру. – Мы чуем: калі ты працуеш у дзяржаўнай арганізацыі, дзяржава табе плоціць, таму ты павінен падзяляць афіцыйную ідэалогію. Аднак вельмі важна разумець, што дзяржаўныя, бюджэтныя грошы – гэта грошы людзей, якія плоцяць падаткі. Няма ніякай эфемернай дзяржавы з грашыма, якія незразумела, адкуль узяліся. А сённяшнія ўлада выступае як рэкецір, які збірае грошы з людзей у выглядзе падаткаў, а пасля не дае магчымасці працаваць тым, хто крытыкуе ўладу».

Скарачэнні за кошт палітычных чыстак

На сёння сярод культурных і адукацыйных установаў, паводле інфармацыі Беларускага ПЭН-цэнтру, найбольш пацярпелі наступныя: філалагічны факультэт БДУ, Інстытут гісторыі Акадэміі навук, Дзяржаўная філармонія, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Нацыянальны гістарычны музей (там плануюць звольніць каля 40 чалавек), Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Гарадзенскі тэатр лялек, часопіс «Мастацтва», Акадэмія мастацтваў, Нацыянальная бібліятэка (там за апошнія тры месяцы былі звольненыя каля 80 чалавек), музей «Фальварак Ракуцёўшчына», музей «Беларуская хатка», Літаратурны музей Петруся Броўкі, Драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру мяркуе, што, акрамя чысткі калектываў ад нелаяльных, праз звальненні рэжым цяпер таксама праводзіць скарачэнне работнікаў:

«Ясна, што ў бюджэце ўжо катастрафічна не хапае сродкаў, каб трымаць столькі працаўнікоў, таму цалкам лагічна, што, звальняючы нязгодных, дзяржава можа адначасова праводзіць скарачэнні. Будзе цікава паглядзець, ці будуць на месцы звольненых набіраць новых людзей».

Нацыянальны мастацкі музей. Менск, Беларусь. 17 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Беларуская культура страчвае самыя кваліфікаваныя кадры

Самая сур’ёзная небяспека чыстак у тым, што сыходзяць кваліфікаваныя кадры, падкрэслівае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру:

«Часта, калі дырэктар выклікае да сябе і прапаноўвае напісаць заяву па ўласным жаданні, ён нават не хавае, што прычына звальнення – іншыя погляды, кажа, маўляў, вы ж разумееце ўсё, вы добры спецыяліст, пашукайце сабе працу ў камерцыйнай структуры. Пры гэтым не скажу, што працаўнікі, якія застаюцца, некампетэнтныя, аднак сёння відавочна, як шмат сыходзіць менавіта прафесіяналаў, часта ўнікальных, а застаюцца пасрэдныя».

Паводле Таццяны, чым мацней рэпрэсіўная машына набірае абароты, тым больш страчвае беларуская культура, і тым больш часу ды высілкаў спатрэбіцца, каб усё аднавіць:

«Вынікі гэтай драмы, якая сёння разгортваецца ў беларускай культуры, мы ўбачым пазней. Людзі, якіх сёння звальняюць, знойдуць сабе працу, аднак яны вымыюцца з культуры, а нам пасля давядзецца яшчэ доўга выхоўваць кампетэнтных спецыялістаў. А перад новым пакаленнем паўстане няпростая задача вынаходзіць уласныя сцежкі да прафесіяналізму, бо пераймаць досвед не будзе ў каго».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў