О-мікрон бяспечнейшы за дэльту? Даследаванні штамаў каронавірусу канфліктуюць

У Паўднёвай Афрыцы бачаць значна менш шпіталізацыяў праз вірусу SARS-CoV-2 штаму о-мікрон, чым было праз вірус штаму дэльта. Брытанскае даследаванне ж не знайшло сведчанняў, што о-мікрон выклікае лягчэйшую хваробу. Так ці іначай, варта вакцынавацца, насіць маскі і трымаць сацыяльную дыстанцыю.

Штам «о-мікрон». Здымак мае ілюстратыўны характар. Фота: depositphotos.com

Цяпер амаль дакладна вядома, што штам о-мікрон распаўсюджваецца значна хутчэй за ранейшыя штамы вірусу SARS-CoV-2. Але ці лягчэй працякае хвароба COVID-19 ад гэтага штаму, незразумела.

Даследаванне ў Паўднёвай Афрыцы, дзе ўпершыню выявілі новы штам, сведчыць, што толькі 1,7 % інфікаваных о-мікронам мелі патрэбу ў шпіталізацыі, тады як пры дэльце шпіталізацыя была патрэбная 19 %. Заяву міністра аховы здароўя ПАР перадае «Bloomberg».

Паўднёваафрыканскія медыкі маюць сведчанні, што штам выклікае мякчэйшую хваробу і мяркуюць, што заражэнні ўжо дасягнулі піку. Цяпер у 60-мільённай краіне выяўляюць звыш 20 тысяч новых выпадкаў на дзень, але фіксуюць толькі пару дзясяткаў звязаных з каронавірусам смерцяў, тады як мінулай зімой і гэтым летам фіксавалі па некалькі сотняў.

Апублікавалі першае даследаванне штаму о-мікрон. Вакцыны працуюць, але слабей

Ды справа можа быць у тым, што ад 70 % да 90 % жыхароў Паўднёвай Афрыкі ўжо перахварэлі на COVID-19 і маюць антыцелы да вірусу, а праз гэта лепш абароненыя ад цяжкіх наступстваў.

Даследаванне Імперскага каледжу Лондану, вынікі якога пераказвае «Reuters», паказала, што рызыка паўторнага заражэння тых, хто перахварэў на каронавірус, у штаму о-мікрон у пяць разоў вышэйшая за дэльту. Шпіталізацыяў праз о-мікрон пакуль што сапраўды мала, але даследчыкі не знайшлі сведчанняў, што вірус выклікае слабейшыя сімптомы ці меншую рызыку шпіталізацыі.

Наадварот, брытанскія даследчыкі выявілі значна павышаную рызыку развіцця сімптаматычнага выпадку з о-мікронам у параўнанні з дэльтай для тых, хто даўней за два тыдні атрымаў другую або трэцюю дозу вакцыны «Pfizer» і «BioNTech» або «AstraZeneca».

Але даследаванне грунтуецца на няпоўных звестках: навукоўцы яшчэ не маюць інфармацыі аб клеткавай імуннай рэакцыі. Па-ранейшаму патрэбныя дадатковыя даследаванні.

Штам о-мікрон ужо можа быць у Беларусі. Але бяда цяпер – з грыпам і «чысткамі»

Адносна расейскай вакцыны «Спутнік V», якую актыўна ўжываюць у Беларусі, выйшла спрэчнае даследаванне (у форме прэпрынту – неправеранага чарнавіку). З яго вынікае, што «Спутнік» мае літаральна нулявую эфектыўнасць супраць штаму о-мікрон.

Расейскае выданне «Медуза» адзначае, што якасць даследавання выклікае вялікія сумневы: даследаванне праводзілі над сыровадкамі з узораў вакцынаваных лекараў і ўзорамі псеўдавірусу з часткамі генетычнага матэрыялу каронавірусу, і вынікі са «Спутнікам» былі кепскімі як супраць о-мікрону, так і супраць пачатковага штаму (супраць якога ў іншых даследаваннях «Спутнік» быў вельмі эфектыўны). У даследаванні таксама не пазначана, колькі дозаў вакцыны атрымалі тыя, у каго бралі ўзоры, і колькі часу мінула з вакцынацыі.

Штам о-мікрон. Што трэба ведаць беларусам і што рабіць кожнаму

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны