«Купалаўцы» зачытаюць антыўтопію «1984» па-беларуску


Прэм’ера першай з трох частак раману Джорджа Оруэла ў выкананні «Купалаўцаў» – 19 снежня. Другую і трэцюю часткі зачытаюць 20 і 21 снежня. Пачатак трансляцыяў а 19-й гадзіне паводле менскага часу.

Супольнасць былых актораў Купалаўскага тэатру анансавала выданне на Youtube аўдыякнігі «1984» – славутага раману-антыўтопіі Джорджа Оруэла ў перакладзе Сяргея Шупы на беларускую мову.

«Напэўна, не варта тлумачыць, чаму менавіта гэты матэрыял мы ўзялі для працы, – пішуць «Купалаўцы». – Вечная гісторыя, як бот, што наступае на чалавечы твар, як казаў сам аўтар. Умоўная будучыня вачыма Джорджа Оруэла. Ці стала гэтая фантазія рэальнасцю? Вырашаць вам».

Тызер аўдыякнігі:

Раман, напісаны ў 1949 годзе, сапраўды застаецца папулярным. У 2020 годзе ён быў у топе продажаў паводле «Белкнігі» – пасля кніг лагапеда Надзеі Жукавай і «Рэвалюцыі» Віктара Марціновіча. У топ-10 таксама ўваходзілі антыўтапічныя «Дзівосны новы свет» Олдаса Гакслі і «Завадны апельсін» Энтані Бэрджэса. Пераклад «1984» Сяргея Шупы выдалі яшчэ ў 1992 годзе, перавыдалі ў 2020-м.

Раман расказвае пра свет, падзелены між трыма таталітарнымі звышдзяржавамі. У краіне Акіяніі, дзе жыве галоўны герой, караюць за адну толькі думку супраць улады, катуюць дысідэнтаў у Міністэрстве любові, прымушаюць трымаць уключаным тэлевізар з прапагандай і наведваць «пяціхвілінкі нянавісці», пастаянна перапісваюць гісторыю, пакланяюцца кіраўніку дзяржавы – Вялікаму Брату. Раман экранізавалі ў 1956 і 1984 гадах. Аўдыякнігу па-беларуску ўжо выдавала ў 2007 годзе выдавецтва «Beltonmedia».

Hавiны
Па раману Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» паставяць спектакль ў Нямеччыне
2021.09.05 16:46

АА belsat.eu

Стужка навінаў