Суд над журналістамі, затрыманне святара, песні як праявы экстрэмізму. Хроніка рэпрэсіяў 18 лістапада

«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў, якія самазваны палітычны рэжым на чале з Аляксандрам Лукашэнкам здзяйсняе ў дачыненні жыхароў Беларусі.

а. Віталь Чабатар. Фота: тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» / christianvision

18 лістапада «Хрысціянскай візіі» стала вядома, што ўчора сілавікі затрымалі магілёўскага каталіцкага святара. Гаворка пра айца Віталя Чабатара, віцэ-дэкана магілёўскага дэканату (у каталіцызме так называюць частку дыяцэзіі (епархіі)). Падрабязнасці невядомыя.

У Менскім гарадскім судзе 18 лістапада распачаўся суд над былым журналістам Белтэлерадыёкампаніі і пазаштатным карэспандэнтам казахскага тэлеканалу «Хабар 24» Дзмітрыем Лукшам, ягонаю жонкай Палінай Палавінкай, а таксама Анастасіяй і Дзянісам ЯроўскіміКанстанцінам Ніканоравым. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук. Працэс пачаўся з вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Паводле версіі абвінавачвання, Лукша з лістапада 2021 года да сакавіка 2022 года «сістэматычна прадстаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі», «з мэтай дыскрэдытацыі краіны». Лукша, Палавінка і Ніканораў застаюцца пад вартай. Жонка Яроўскага Анастасія на суд не зʼявілася – яе абвясцілі ў вышук. Паведамляецца, што Дзмітрый Лукша цалкам прызнаў віну.

Прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ва ўдзеле ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім па-ранейшаму настойвае на сваёй невінаватасці. Таксама зварот быў накіраваны праз адміністрацыю СІЗА ў некаторыя сродкі масавай інфармацыі. Кастусёў знаходзіцца ў СІЗА, як і астатнія фігуранты гэтай рэзананснай справы, у чаканні разгляду Вярхоўным судом апеляцыйнай скаргі на прыгавор. Як раней паведамлялася, на пачатку верасня Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва да 10 гадоў пазбаўлення волі «за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам». Таксама па «справе аб змове» асудзілі юрыста Юрася Зянковіча (11 гадоў калоніі), літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту (10 гадоў), працаўніцу офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч і актывіста Дзяніса Краўчука (па 2,5 гады калоніі). Кастусёў адзіны з іх не прызнаў віну. Папярэдняе расследаванне і судовае следства па справе аб спробе «дзяржаўнага перавароту» доўжылася 500 дзён.

Старшыня Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара распавёў пра тое, што нібыта фіксуюць спробы ўцягнуць беларусаў у «нацысцкія фармаванні» ва Украіне. Паводле яго, Следчы камітэт займае сваё месца ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі і «працуе над перадухіленнем і лакалізацыяй розных пагрозаў». Паводле логікі старшыні СК, удзельнікі «нацысцкіх фармаванняў» рыхтуюцца да «сілавога захопу ўлады і кровапраліцця на нашай зямлі». Таксама стала вядома, што Следчы камітэт мае распачаць «спецыяльнае вядзенне» ў дачыненні стваральнікаў Telegram-каналу «Чорная кніга Беларусі» і Фонду спартовай салідарнасці. Завочныя суды будуць разглядаць справы Сцяпана Пуцілы, прадстаўнікоў «BYPOL» і людзей, якія далучыліся да гэтай арганізацыі.

У судзе Мёрскага раёну суддзя Ірына Яскевіч прысудзіла 2 гады калоніі агульнага рэжыму 69-гадовай каталіцкай верніцы Эме Сцепулёнак. Пенсіянерку прызналі вінаватай у нібыта «абразе Лукашэнкі» ды «абразе прадстаўніка ўлады». Былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры затрымалі 29 верасня 2021 года за каментары пасля забойства сілавікамі Андрэя Зельцара. Яе ўтрымлівалі ў СІЗА амаль год. У сярэдзіне верасня 2022-га перавялі на хатні арышт, а судзіць пачалі 10 лістапада. Цяпер пенсіянерку зноў узялі пад варту. З улікам раней праведзенага за кратамі часу спадарыні Эме засталося правесці ў няволі каля 4 месяцаў.

18 лістапада ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў сілавікі дадалі інфармацыйную прадукцыю Telegram-каналу «Техас для жизни (г. Лида)», Telegram-чаты «Девятовка, Гродно», «Независимый профсоюз Гомеля», Telegram-суполку «Медики с народом (Витебск)» а таксама песню «Батько наш – Бандера».

Тым часам у спіс «экстрэмістаў» МУС дадалі яшчэ 97 чалавек. Сярод іх асуджаная за дапамогу рэпрэсаваным Вольга Ялцэвіч і за рассылку лістоў чальцам камісіяў па рэферэндуме 18-гадовы Раман Карпук, былы студэнт Канстанцін Рудніцкі, а таксама асуджаная за пратэсныя і антываенныя надпісы Ірына Прыгава. На сёння ў «Спісе экстрэмістаў» МУС 1881 чалавек.

Сцяпана Пуцілу і BYPOL будуць «судзіць» у Беларусі. Вечаровы эфір за 18 лістапада

Антон Тачняк elsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны