Пачаўся суд над журналістам Дзмітрыем Лукшам, ягонаю жонкай і яшчэ трыма фігурантамі справы


У Менску пачаўся суд над журналістам Дзмітрыем Лукшам, ягонаю жонкай Палінай Палавінкай, а таксама над Анастасіяй і Дзянісам Яроўскімі, Канстанцінам Ніканоравым. Іх разам вінавацяць у «дыскрэдытацыі Беларусі», а таксама «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Пра гэта гэта паведамляе «Вясна». 

Дзмітрый Лукша, Паліна Палавінка і Дзяніс Яроўскі на судзе 18 лістапада 2022 г. у Менску.
Фота: «Вясна» / spring96.org

У Менскім гарадскім судзе 18 лістапада распачаўся суд над былым журналістам Белтэлерадыёкампаніі і пазаштатным карэспандэнтам казахскага тэлеканалу «Хабар 24» Дзмітрыем Лукшам, ягонаю жонкай Палінай Палавінкай, а таксама Анастасіяй і Дзянісам Яроўскімі, Канстанцінам Ніканоравым. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук. Працэс пачаўся з вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

Паводле версіі абвінавачвання, Лукша з лістапада 2021 года да сакавіка 2022 года «сістэматычна прадстаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі». «З мэтай дыскрэдытацыі краіны» з дапамогай аператара ён вырабіў шэраг відэасюжэтаў, «якія ўтрымлівалі заведама непраўдзівую інфармацыю», і перадаў іх згаданаму тэлеканалу.

Дзмітрыю Лукшу ставіцца ў віну тое, што у лясным масіве ў пасёлку Лясны Менскага раёну «па яго ўказанні» жонка Паліна Палавінка, хаваючы свой твар, на англійскай мове назвалася грамадзянкай Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якая нібыта жыве ў стыхійным лагеры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яна агучыла «загадзя падрыхтаваны мужам тэкст з недакладнымі звесткамі аб незахаванні правоў мігрантаў, незадавальненні іх базавых патрэбаў, дэфіцыце вады і ежы», пры гэтым Лукша пацвердзіў, што асабіста назіраў парушэнні.

Яшчэ адзін эпізод абвінавачання паведамляе пра тое, што Дзмітрый Лукша наклаў свой закадравы голас на відэазапісы, знятыя за мяжой, на якіх дэманстраваўся «дэфіцыт харчовых тавараў і замежнай валюты». Пры гэтым Лукша паведаміў, што ў сюжэце «паказаная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь».

Гэтыя і іншыя відэасюжэты Лукша накіраваў прадстаўнікам замежнага тэлеканалу, якія размясцілі іх на сваіх афіцыйных рэсурсах.

Акрамя таго, паводле версіі абвінавачвання, у 2020 годзе Лукша, ягоная жонка, а таксама двое іншых абвінавачаных «бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак у сталіцы».

Анастасіі Яроўскай таксама ставіцца ў віну тое, што яна размяшчала ў Instagram паведамленні, у якіх яна, на меркаванне следчых, «прыніжала праваахоўнікаў, фармуючы негатыўны сацыяльны стэрэатып і варожае стаўленне да беларускай праваахоўнай сістэмы і яе прадстаўнікоў; заклікала працоўных да страйку з парушэннем устаноўленага парадку яго правядзення».

Такім чынам, пяці фігурантам справы інкрымінаваныя:

  • Дмітрыю Лукшу – арт. 369-1 КК («Дапамога ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»);
  • жонцы Лукшы Паліне Палавінцы – ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК («Дапамога ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»);
  • аператару Канстанціну Ніканораву – ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК («Дапамога ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»);
  • Анастасіі Яроўскай – ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
  • Дзянісу Яроўскаму – ч. 1 арт. 342 КК («Аактыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Лукша, Палавінка і Ніканораў застаюцца пад вартай. Жонка Яроўскага Анастасія на суд не зʼявілася – яе абвясцілі ў вышук. Паведамляецца, што Дзмітрый Лукша цалкам прызнаў віну.

Дзмітрыю Лукшу і Паліне Палавінцы па 33 гады, Дзмітрыя затрымалі ў сакавіку 2022 года, а Паліну – у чэрвені таго ж года. Праваабаронцы прызнылі іх палітвязнямі 18 траўня і 14 верасня, адпаведна.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў