Эканоміка Беларусі падае, а рубель узмацняецца. Як гэта?


У некаторых абменніках 18 лістапада за долар даюць менш за 2,4 беларускага рубля – так мала было больш за год таму. Як рубель трымаецца, нягледзячы на падзенне эканомікі, ранейшую высокую інфляцыю і цяперашняе рэгуляванне цэнаў?

Беларускі рубель падаў да долара і еўра пасля пачатку пандэміі каронавірусу, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пратэстаў супраць іх вынікаў, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Але санкцыі не выклікалі рэзкага падзення рубля – нават калі санкцыі істотна ўзмацнілі пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair», рубель не абваліўся. І забарона росту цэнаў не абваліла рубель (а нават крыху ўзмацніла беларускі адносна расейскага), хоць здавалася б, што пры нярынкавай «замарозцы» цэнаў грошы губляюць сэнс.

Даведка
Анастасія Лузгіна.
Фота: ТК / Белсат

Чаму рубель трымаецца і нават крыху расце, «Белсату» растлумачыла старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Асобная размова – курс да еўра, бо сам еўра паўтара года падаў да іншых валютаў, але ў апошнія пару тыдняў паступова ўзмацняецца. Адпаведна, беларускі рубель да еўра паступова слабне, што ўплывае на курс да іншых валютаў. Ды важней іншае: на замежныя валюты ў Беларусі няма вялікага попыту.

«Статыстыкі за кастрычнік яшчэ няма, але цалкам магчыма, што рэгуляванне цэнаў паўплывала на курс, – разважае Лузгіна. – Яшчэ больш скараціўся імпарт тавараў, якія пастаўляліся на ўнутраны рынак. І адпаведна, зніжэнне аб’ёму попыту на замежную валюту вызначыла дынаміку курсу».

Рэгуляванне цэнаў прывяло да таго, што шматлікія пастаўнікі тавараў на беларускі рынак занялі «пазіцыю чакання»: спачатку быў мараторый на рост цэнаў, пасля – пастанова аб правілах фармавання цэнаў, якая многім была незразумелай, тлумачыць эканамістка.

Аналітыка
Ці скокне курс беларускага рубля? Разбіраем, ад чаго ён залежыць і ці прывязаны да Расеі
2022.07.27 20:49

Каб у такой сітуацыі курс беларускага рубля ўпаў, прагназуе Лузгіна, трэба, каб адбылося нешта непрадбачанае і маштабнае ў вонкавай палітыцы. Што да эканамічных фактараў, то звычайна курс рубля слабне, калі ў краіне не хапае валюты.

Цяпер такіх эканамічных фактараў няма. Пакуль у Беларусі вялікае дадатнае сальда вонкавага гандлю: прадаем за мяжу больш, чым купляем з-за мяжы. Карціна напраўду не добрая, падае і імпарт, і экспарт, але імпарт проста падае хутчэй. Імаверна, што ў кастрычніку імпарт упадзе яшчэ мацней, а экспарт наўрад ці значна ўпадзе.

І якіх-небудзь шокаў, якія прымусілі б насельніцтва бегчы скупаць валюту, таксама пакуль не відаць. Выходзіць, валюта ў краіну паступае, падставаў да росту попыту на яе няма.

«Такая цікавая сітуацыя склалася: з аднаго боку, эканоміка падае, інфляцыя нават з улікам рэгулявання цэнаў у гадавым выражэнні вышэй за 15 %, а пры гэтым курс беларускага рубля да долара і расейскага рубля ўзмацняецца», – рэзюмуе Лузгіна.

У верасні гадавая інфляцыя складала 17,4%, а па выніках кастрычніка знізілася да 15,2%. BEROC дапускаў, што рэгуляванне цэнаў зможа па выніках года запаволіць інфляцыю да 14–16 %. Эканоміка працягвае слабнуць, падставаў да росту не відаць. У студзені–кастрычніку 2022 года валавы ўнутраны прадукт Беларусі быў на 4,7 % меншым за той жа перыяд 2021-га. Рэальныя даходы беларусаў зніжаюцца. У кастрычніку бізнесы прадалі валюты банкам на 102,8 млн долараў больш, чым купілі, а насельніцтва купіла валюты на 116,6 млн долараў больш, чым прадала.

Агляд
Месяц таму Лукашэнка забараніў інфляцыю. Паглядзелі, што патаннела, падаражэла і знікла
2022.11.08 12:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў