Заява Пуціна, ультыматум Варшавы і новыя палітвязні. Галоўнае за 18 лістапада

Belsat.eu падводзіць вынікі чацвярга, 18 лістапада.

Нечаканая заява Пуціна

Уладзімір Пуцін. Фота: Аляксей Дружынін / Прэс-служба прэзідэнта РФ / ТАСС

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, выступаючы на ​​пашыраным паседжанні калегіі МЗС, заявіў:

«Так, мы ведаем, што сітуацыя ў Беларусі, хоць і супакоілася ўнутры краіны, але, тым не менш, праблемы ёсць, і мы цудоўна разумеем гэта і, вядома, заклікаем да дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй».

Валер Карбалевіч: «Заклік Пуціна да перамоваў з апазіцыяй – гэта тролінг Лукашэнкі»

Лідары беларускай апазіцыі кажуць, што абавязковая ўмова для такога дыялогу – вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў.

«Асабіста ў мяне кантактаў з Крамлём не было. Я вітаю заклікі да дыялогу. Але ніякі дыялог не пачнецца ў турме. Усе палітвязні павінныя быць вызваленыя, гвалт спынены. Нашы ўмовы ранейшыя», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Ціханоўская і Латушка пракаментавалі заяву Пуціна пра дыялог

Польшча абяцае спыніць чыгуначны рух праз Кузніцу

Міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі загадаў звярнуцца да кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта Беларусі з заклікам стабілізаваць сітуацыю каля памежнага пераходу Кузніца-Брузгі.

Галоўны камендант Памежнай аховы Польшчы Томаш Прага ў лісце да кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоля Лапо згадвае выпадкі агрэсіўных дзеянняў на мяжы каля пераходу Кузніца-Брузгі, у выніку чаго пацярпелі польскія службоўцы. Польскі бок будзе чакаць стабілізацыі сітуацыі да нядзелі, 21 лістапада 2021 года. У адваротным выпадку чыгуначны рух праз пераход Кузніца будзе прыпынены, абяцаюць польскія ўлады.

Міністры замежных справаў краінаў G7 прынялі заяву наконт міграцыйнага крызісу

Сёння міністэрства абароны Польшчы паведаміла пра спробу мігрантаў перайсці мяжу ноччу з 17 на 18 лістапада з дапамогай беларускіх сілавікоў.

Паводле польскага ведамства, беларускія вайскоўцы правялі выведку, пашкодзілі плот і прымусілі мігрантаў кідаць камяні ў польскіх вайскоўцаў, каб адцягнуць увагу. Адначасова на адлегласці некалькіх сотняў метраў іншая група мігрантаў паспрабавала перайсці мяжу. Адбывалася гэта ў раёне вёскі Дубічы Царкоўныя. Каля ста мігрантаў былі затрыманыя польскімі службамі.

Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву выставілі новыя абвінавачванні

Журналісты «БелаПАН» Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў. Калаж з фотаздымкаў «Белсату»

Паводле інфармацыі «Радыё Свабода», дырэктарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай і былому кіраўніку кампаніі Дзмітрыю Наважылаву выставілі новыя абвінавачанні – у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361–1 КК). Абое ў менскім СІЗА з 18 жніўня.

Паводле артыкулу 361–1 КК ім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 7 гадоў.

«РС» паведамляе, што таксама ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» абвінавацілі мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава.

Нагадаем, 1 лістапада рашэннем КДБ агенцтва БелаПАН было прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем».

Паўтара месяца забаранялі карыстацца туалетнаю паперай. Як сядзяць затрыманыя ў «справе Зельцара»

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 5 чалавек

Іхныя імёны: Ірына Пярцова, Павел Сакалоў, Кацярына Макарэвіч, Юлія Лабунова, Арцём Латышаў.

Ірына Пярцова, Павел Сакалоў, Кацярына Макарэвіч былі затрыманыя і абвінавачаныя за кіраўніцтва групамі ў тэлеграме паводле арт.361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»).

Апроч таго, Ірына Пярцова, а таксама Юлія Лабунова і Арцём Латышаў былі прыцягнутыя да адказнасці паводле ч.2 арт.339 КК РБ («Хуліганства») за перформанс, падчас якога на надмагільным крыжы замацавалі таблічку з надпісам «Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч 30.08.1954 – 30.08.2021» і партрэт Лукашэнкі з чорнай стужкай, адкаркавалі бутэльку шампанскага і вылілі змесціва на паверхню магілы.

Па стане на 18 лістапада ў Беларусі 873 палітвязні.

Актывістка Вольга Гарбунова, якая ўтрымліваецца ў ізалятары на Акрэсціна, абвесціла галадоўку

Сёння стала таксама вядома, што палітзняволеная, была кіраўнічка прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова з 9 лістапада трымае галадоўку.

У Беларусі застаецца каля 7 тысяч мігрантаў

Нашыя чытачы паведамляюць, што працягваюць бачыць у сталіцы групы людзей, якіх імаверна пазней павязуць на дзяржаўную мяжу Беларусі для нелегальнага пераходу ў краіны ЕЗ. Па назіраннях чытачоў, іншаземцы актыўна закупляюцца ў крамах ГЦ Galleria Minsk групамі і актыўна знімаюць з рахункаў грошы ў банкаматах. ГЦ маніторыць служба аховы, а па праспекце Пераможцаў пастаянна курсуе машына ДАІ. Менск, Беларусь. 19 кастрычніка 2021 года. Фота: чытачы / Белсат

Сёння адбыўся першы рэйс маршрутам Менск – Эрбіль – Багдад, які мусіць вярнуць на радзіму ірацкіх мігрантаў. Паводле афіцыйнага прадстаўніка МЗС Іраку, рэгістрацыю на яго прайшоў 431 чалавек. Яшчэ адзін рэйс запланаваны на заўтра.

Прэс-сакратарка Наталля Эйсмант заявіла, што Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна садзейнічаць вяртанню мігрантаў на радзіму, але «сілаю выштурхоўваць» з краіны нікога не будуць.

«На сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 7 тысяч уцекачоў. З іх на мяжы – у так званым стыхійным лагеры – каля 2 тыс. чалавек. І ад 200 да 500 чалавек – паводле інфармацыі – таксама знаходзяцца на мяжы, але стыхійна, у іншых кропках», – заявіла яна.

Колькі мігрантаў вырашылі застацца ў Беларусі?

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны