За магніт на лядоўні – два гады «хатняй хіміі». У Горадні асудзілі медсястру Лякарні хуткай дапамогі


Суд Кастрычніцкага раёну Горадні 17 лістапада вынес прысуд 52-гадовай Валянціне Будрэвіч – медсястры-анэстэзістцы Лякарні хуткай дапамогі, маці траіх дзяцей. Суддзя Уладзімір Пазняк прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч.1 арт.342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх») і асудзіў на два гады «хатняй хіміі».

Валянціну Будрэвіч абвінавачвалі ва ўдзеле ў «сцэпцы» падчас «Маршу адзінства» у Горадні 6 верасня 2020 году.

«Марш адзінства» у Горадні.
Фота: newgrodno.by

Гарадзенка пацвердзіла, што была на «Маршы адзінства», аднак настойвала, што ніякай папярэдняй змовы, а таксама непадпарадкавання міліцыі, як тое сцвярджаў бок абвінавачвання, у ейных дзеяннях не было.

Валянціна сцвярджала падчас суду, што пра крымінальную адказнасць за знаходжанне на месцы Маршу не ведала, і пайшла ў натоўп, бо падумала, што некаму там можа спатрэбіцца медыцынская дапамога.

Падчас ператрусу ў доме Будрэвіч міліцыянты знайшлі вопратку, у якой абвінавачаная была 6 верасня мінулага году, а таксама магніт на лядоўні з гербам «Пагоня», які асабліва зацікавіў пракурора Вераніку Ульянаву – яна распытвала гарадзенку, ці быў у яе з сабой магніт на «Маршы адзінства», і дзе яна яго захоўвае ўдома. Магніт прызналі доказам у справе.

Сведкі – супрацоўнікі міліцыі – «з меркаванняў уласнай бяспекі» давалі паказанні за шырмай.

Суддзя вынес такі прысуд, як запрошвала пракурор – два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»).

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў