Вядомыя абутковыя брэнды заявілі пра спыненне паставак прадукцыі ў Беларусь


«Lamoda», «Детский мир», «Спортмастер» і «Nike» апавясцілі ўрад Беларусі аб прыпыненні паставак абутку ў краіну праз праблемы з маркаваннем, піша выданне «Белорусы и рынок». Немаркаваных рэштак прадукцыі хопіць на 1–3 месяцы.

У Беларусі з 1 лістапада ўвялі маркаванне абутку. Цяпер на яго трэба наносіць адмысловыя знакі. Аднак пры спробах унесці ў беларускую сістэму інфармацыю пра нанесеныя на абутак коды расейскага ўзору сістэма выдае памылку, паведамляюць дастаўцы абутку. Прадаваць жа абутак без маркавання цяпер нельга, за гэта пагражае штраф да 50 % ад кошту прадмета парушэння. Без маркавання дазваляецца распрадаваць толькі рэшты абутку, але і яны мусяць быць прамаркаваныя да 1 сакавіка 2022 года.

Абутковая прадукцыя ідзе ў Беларусь праз Расею, таму вытворцам ды імпарцёрам даводзіцца набываць коды маркавання двойчы: спачатку ў расейскага Цэнтру развіцця перспектыўных тэхналогіяў, потым – у беларускага аператара «Белбланкавыд».

У выніку некаторыя кампаніі спынілі пастаўкі, астатнія могуць спыніць да канца лістапада.

Імпарцёры абутку ў Беларусі сутыкнуліся з праблемаю, бо беларускія нарматыўныя патрабаванні да маркавання супярэчаць расейскім, тлумачыць Zerkalo.io. Пры ўвозе ў Беларусь патрабуецца больш дэталёвая інфармацыя пра тавар, чым у Расеі.

Кампаніі «Nike», «Lamoda», «Спортмастер», «Детский мир» накіравалі ліст у Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, у якім распавядаюць аб праблемах, з якімі сутыкнуліся. Ліст цяпер на разглядзе.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў